Хар’юскі раённы суд палічыў даказаным, што Вячаслаў Марозаў у інтарэсах расейскіх спэцслужбаў за ўзнагароду зьбіраў інфармацыю пра ўнутраную палітыку, палітыку абароны і бясьпеку Эстоніі, а таксама пра зьвязаных зь ёю людзей і інфраструктуру. Прызначаны яму артыкул лягчэйшы, чым артыкул пра шпіянаж, які прадугледжвае збор зьвестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу.
У паведамленьнях не гаворыцца, ці прызнаў Марозаў віну. Шэраг ягоных калегаў выказвалі сумневы ў яго вінаватасьці, адзначаючы, што ён крытычна ставіўся да расейскіх уладаў.
«Цяперашняя справа зьяўляецца дадаткам да больш як некалькі дзясяткаў папярэдніх і ілюструе імкненьне расейскіх спэцслужбаў пракрасьціся ў розныя сфэры жыцьця Эстоніі, у тым ліку і ў навуковую сфэру», — заявіў пасьля арышту Марозава ў студзені генэральны дырэктар Паліцыі бясьпекі Эстоніі Марго Паласон.
Прафэсара затрымалі сёлета на пачатку студзеня і зьмясьцілі ў СІЗА. Вячаслаў Марозаў працаваў у Тартускім унівэрсытэце на працягу апошніх 14 гадоў, атрымаўшы дазвол на жыхарства ў Эстоніі. Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ён выступіў зь яго асуджэньнем і працягнуў працу ў Тарту, будучы прафэсарам паліталёгіі Інстытуту Шуттэ Тартускага ўнівэрсытэту. У 2016–2023 гадах ён займаў у Тарту пасаду прафэсара дасьледаваньняў Эўрапейскага Зьвязу і Расеі, а з 1 верасьня 2023 году па 11 студзеня 2024 году — пасаду прафэсара міжнароднай палітычнай тэорыі.
Пры гэтым Марозаў працягваў наведваць Расею, дзе, як сьцьвярджае сьледзтва, перадаваў інфармацыю сваім куратарам. Пасьля яго арышту ўнівэрсытэт абвясьціў аб спыненьні працоўных адносін з Марозавым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эстоніі праз падазрэньне ў працы на расейскую выведку арыштавалі прафэсара Тартускага ўнівэрсытэту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі прызначылі закрыты суд над амэрыканскім журналістам Гершковічам