У Сьвярдлоўскім абласным судзе паведамілі, што справу журналіста выданьня The Wall Street Journal Эвана Гершковіча, які ў Расеі абвінавачваецца ў шпіянажы, будуць разглядаць у закрытым рэжыме.
Раней Генпракуратура Расеі зацьвердзіла абвінаваўчае заключэньне ў крымінальнай справе журналіста. Папярэдняе сьледзтва вяло сьледчае ўпраўленьне ФСБ.
Па вэрсіі сьледзтва, у сакавіку 2023 года Гершковіч нібыта «па заданьні ЦРУ» зьбіраў у Сьвярдлоўскай вобласьці сакрэтную інфармацыю аб дзейнасьці прадпрыемства «НПК «Уралвагонзавод» па выпуску і рамонце вайсковай тэхнікі.
«Незаконныя дзеяньні зьдзяйсьняліся Гершковічам з захаваньнем дбайных мер кансьпірацыі», — сьцьвярджаюць у ведамстве.
Эвана Гершковіча затрымалі ў Екацярынбургу 30 сакавіка мінулага году. Артыкул аб шпіянажы пагражае яму ад 12 да 20 гадамі пазбаўленьня волі.
Уладзімір Пуцін падчас прэс-канфэрэнцыі ў сьнежні 2023-га ня выключыў абмену Гершковіча.
Кіраўніцтва ЗША і The Wall Street Journal катэгарычна абвяргаюць абвінавачаньні і заяўляюць аб невінаватасьці журналіста, заклікаючы да яго неадкладнага вызваленьня.
У красавіку летась Дзярждэпартамэнт ЗША аб’явіў Гершковіча «неправамерна затрыманым», што дае ведамству падставу дзейнічаць у інтарэсах вызваленьня грамадзяніна Злучаных Штатаў.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у канцы красавіка заклікаў Пуціна вызваліць Гершковіча і арыштаваную ў Расеі журналістку татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашаву. «Журналістыка — зусім дакладна не злачынства», — падкрэсьліў ён.
Эван Гершковіч каля шасьці гадоў жыў у Маскве, асьвятляючы падзеі ў Расеі і Ўкраіне для амэрыканскай газэты The Wall Street Journal. Раней ён працаваў у Agence France-Presse, The Moscow Times і The New York Times. Апошні артыкул аўтарства Гершковіча The Wall Street Journal апублікавала 28 сакавіка 2023 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША адпрэчылі абвінавачаньні ў шпіянажы, выстаўленыя ў Расеі амэрыканскаму журналісту Гершковічу