У аквапарку пад Дэтройтам у ЗША ўвечары ў суботу мужчына параніў з агнястрэльнай зброі дзевяць чалавек, у тым ліку дваіх дзяцей, а затым, калі яго акружылі паліцыянты, застрэліўся.
Як паведамляе «Голас Амэрыкі», васьмігадовы хлопчык знаходзіцца ў крытычным стане пасьля раненьня ў галаву. Паранены і яго чатырохгадовы брат, але яго стан стабільны. Іх маці таксама ў крытычным стане, яна атрымала раненьні ў жывот і нагу, паведаміў журналістам шэрыф акругі Оклэнд Майкл Бушар.
Нападнік зрабіў каля 30 стрэлаў з 9-мм паўаўтаматычнага пісталета Glock, некалькі разоў перазарадзіўшы яго, сказаў Бушар на прэс-канфэрэнцыі.
У доме, дзе пазьней хаваўся падазраваны і дзе ён быў акружаны, знайшлі пісталет і паўаўтаматычную вінтоўку, дадалі прадстаўнікі мясцовых улад. Матывы нападніка высьвятляюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расейскім Растове-на-Доне падсьледныя ўзялі ў закладнікі двух наглядчыкаў. Спэцназ узяў СІЗА штурмам