Адказчыца — журналістка і грамадзкая актывістка Іна Тодрык-Пісальнік, якая ад 2021 году з палітычных прычын жыве зь сям’ёй у Польшчы.
Пра гэта паведамляе выданьне hrodna.life.
13 чэрвеня судзьдзя Натальля Шышко пачала разглядаць справу «аб устанаўленьні факту нікчэмнасьці ўгоды куплі-продажу кватэры, прымяненьні наступстваў яе несапраўднасьці, прызнаньні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі дамовы і пераходу права ўласнасьці на кватэру».
Пазоўнікам выступае Міністэрства фінансаў і пракуратура Горадні.
Ёсьць некалькі прычын, дзеля якіх угоду могуць прызнаць нікчэмнай. Сярод іх:
- Невыкананьне натарыяльнай формы ўгоды або патрабаваньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі,
- Угода, якая не адпавядае патрабаваньням заканадаўства,
- Угода, учыненьне якой забаронена заканадаўствам,
- Уяўныя і прытворныя ўгоды.
У Беларусі пачалі ўжываць практыку завочных крымінальных спраў. Ад палітыкаў, якія дзейнічаюць адкрыта, перайшлі да шараговых актывістаў. Пры гэтым арыштоўваюць маёмасьць, каб потым канфіскаваць яе, прадаць і пакрыць нібыта нанесеную дзяржаве шкоду.
Прадаць маёмасьць без прысутнасьці ў Беларусі можна толькі з дапамогай генэральнай або мэтавай даверанасьці. Пры гэтым з 4 верасьня 2023 году прымаецца толькі даверанасьць, аформленая ў Беларусі. Паводле інфармацыі Hrodna.life, рыэлтарам і натарыюсам, якія такім чынам афармляюць угоды, пачалі перашкаджаць улады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’я Пісальнікаў, журналістаў і актывістаў Саюзу палякаў, зьехала зь Беларусі праз пагрозу перасьледуАнджэй Пісальнік і Іна (Інэс) Тодрык-Пісальнік — журналісты, рэдактары сайта ZnadNiemna.pl і актывісты незарэгістраванага Саюзу палякаў. У красавіку 2021 году дома ў Пісальнікаў прайшоў ператрус, а Іну і Анджэя павезьлі ў Менск на допыт у якасьці сьведкаў у справе, па якой абвінавачанымі праходзілі іншыя лідэры Саюзу палякаў.
Пракуратура сьцьвярджала тады, што дзейнасьць Анджэя Пісальніка шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Праз пагрозу арышту і адабраньня сына зь сям’і Пісальнікі вырашылі пакінуць краіну. Мэдыя, на якія Іна і Анджэй працуюць, прызналі экстрэмісцкімі фармаваньнямі.