Раніцай 28 траўня на польскага вайскоўца Матэвуша Сітэка з нажом на палцы напаў мігрант, які спрабаваў у складзе вялікай групы незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі. Сітэка шпіталізавалі, ён упаў у кому і пазьней, нягледзячы на намаганьні лекараў, памёр. Яму быў 21 год.
12 чэрвеня вайскоўца пахавалі падчас прыватнай цырымоніі. Урачыстае разьвітаньне зь ім праходзіла ў вёсцы Новы Любель Мазавецкага ваяводзтва, у касьцёле Сьвятой Ганны.
Па ўсёй Польшчы а 12 гадзіне ў знак памяці аб загінулым жаўнеру загучалі сырэны.
Таксама хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць маладога салдата ў польскім парлямэнце. Некаторыя дэпутаты потым скандавалі: «Гонар і слава героям!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома імя польскага салдата, які загінуў на мяжы зь БеларусьсюРаней стала вядома, што Матэвуша Сітэка рашэньнем міністра абароны Польшчы Ўладыслава Касіняка-Камыша пасьмяротна павысілі ў званьні да старшага сяржанта, а таксама ўзнагародзілі залатым мэдалём «За заслугі ў абароне краіны».
Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку.
Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар у грудзі нажом, прывязаным да палкі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
Што вядома пра забітага на мяжы зь Беларусьсю польскага жаўнера
- Матэвуш Сітэк быў родам зь вёскі Плевіца Мазавецкага ваяводзтва. У 2020–2022 гадах вучыўся ў вайсковай клясе 3-й сярэдняй школы Мікалая Каперніка ў Вышкаве.
- Вучнем ён неаднаразова ўдзельнічаў у патрыятычных і дабрачынных акцыях.
- Першапачаткова Сітэк служыў у шэрагах Сіл тэрытарыяльнай абароны Польшчы. У 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгадзе служыў да 18 сьнежня 2023 году.
- Адразу пасьля завяршэньня навучаньня яго накіравалі на патруляваньне польска-беларускай мяжы з прычыны міграцыйнага крызісу, які там працягваецца з 2021 году.