У лякарні хуткай дапамогі ў Віцебску прайшла праверка аказаньня экстранай дапамогі, якую ўзначальвала галоўная доктарка Рэспубліканскага мэдыцынскага цэнтру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Ірына Абельская.
У выніку некалькі чалавек пазбавіліся працы, паведамляе мэдыцынская ініцыятыва «Белыя халаты».
Паводле інфармацыі ініцыятывы «Белыя халаты», па выніках праверкі зьнялі з пасадаў:
- галоўнага доктара Андрэя Захарава,
- галоўную мэдсястру Надзею Рыбалку,
- загадчыка аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Васіля Мусійчука.
Выканаўцам абавязкаў галоўнага доктара, паводле зьвестак ініцыятывы, прызначылі ягонага намесьніка ў мэдыцынскай частцы Аляксандра Віньнікава.
Афіцыйна пра звальненьні не паведамлялі.
Тым часам з разьдзелу «Адміністрацыя» на сайце лякарні зьнікла інфармацыя пра галоўнага доктара.
Да Андрэя Захарава пасаду галоўнага доктара Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі займаў Сяргей Лазар, але яго зьнялі з пасады ў разгар пандэміі каранавірусу вясной 2020 году. Тады практычна 5 месяцаў лякарня працавала пад кіраўніцтвам выканаўцы абавязкаў галоўнага доктара Аляксандра Віньнікава. Восеньню 2020-га на пасаду прызначылі Андрэя Захарава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наколькі мала маіх калег засталося ў краіне». Апошняя частка падкаста «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абсталяваньне не адпавядала дзяржстандартам», — першыя высновы праверкі інцыдэнту з адключэньнем кіслароду ў Віцебску