Судзьдзі зноў прызналі за ім права падаць апэляцыю супраць экстрадыцыі і на час яе разгляду заставацца ў Брытаніі.
Гэтае рашэньне падаўжае папярэдняе, прынятае судом у канцы сакавіка. Тады судзьдзі запатрабавалі ад ЗША доказаў, што ў выпадку экстрадыцыі Асанжу не пагражае сьмяротнае пакараньне і што ягонае права на свабоду слова і непрадузяты суд ня будзе парушана.
Сёньня судзьдзі пацьвердзілі, што не атрымалі пераканаўчых доказаў. Абарона Асанжа заявіла, што амэрыканскі суд можа быць небесстароньні да заснавальніка Wikileaks як да іншаземца (Асанж — грамадзянін Аўстраліі) і што на яго могуць не распаўсюдзіцца правы, якія Канстытуцыя ЗША гарантуе грамадзянам краіны.
Сам Джуліян Асанж не прысутнічаў у судзе, спаслаўшыся на праблемы са здароўем. Апроч адвакатаў, у судзе былі ягоная жонка Стэла і бацька Джон Шыптан.
Калі б Асанжу адмовілі ў дазволе на апэляцыю, яго маглі б экстрадаваць у ЗША на працягу некалькіх дзён.
52-гадоваму Асанжу ў ЗША прад’яўленыя 17 абвінавачаньняў у шпіянажы і адно — у неправамерным выкарыстаньні кампутара ў сувязі з публікацыяй сакрэтных дакумэнтаў пра дзейнасьць ЗША ў Іраку і Афганістане. Амэрыканскія пракуроры сьцьвярджаюць, што Асанж дапамог былой вайскоўцы ЗША Чэлсі Мэнінг выкрасьці вайсковыя файлы, якія потым былі апублікаваныя на сайце WikiLeaks.
Па прадʼяўленых абвінавачаньнях у ЗША Асанжу пагражае да 175 гадоў турмы.
Пазьбягаючы экстрадыцыі, 52-гадовы журналіст правёў сем гадоў у пасольстве Эквадору ў Лёндане, а апошнія пяць гадоў — у турме. Адвакаты Асанжа сьцьвярджаюць, што яго экстрадыцыя будзе раўназначная пакараньню за палітычныя погляды і парушыць ягонае права на свабоду слова.
Парлямэнт Аўстраліі, чыё грамадзянства мае Асанж, заклікаў дазволіць журналісту вярнуцца на радзіму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Лёндане выдаў ордэр на экстрадыцыю Асанжа ў ЗША ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэксыка прапануе заснавальніку Wikileaks палітычны прытулак