Грамадзянам Беларусі сталі часьцей адмаўляць у выдачы шэнгенскіх візаў. Працэнт адмоваў беларусам у 2023 годзе павялічыўся да 3,4% — у 2022 годзе гэты паказчык складаў 1,9%, паведамляе рэсурс schengen.news.
Акрамя беларусаў, часьцей з адмовамі ў атрыманьні шэнгенскіх візаў сталі сутыкацца грамадзяне Расеі, Турэччыны і Ірану.
Працэнт адмоваў расейцам у 2023 годзе павялічыўся з 10,2% да 10,6%. Грамадзянам Турэччыны летась адмовілі ў 16,1% выпадкаў (у 2022 годзе было 15,7%). А рэкардсмэнам па адмовах стаў Іран: працэнт адмоваў пры падачы заявак на атрыманьне шэнгенскай візы грамадзянам Ірану ў 2023 годзе — 30,3% ад агульнай колькасьці, у 2022 годзе было 25,2% адмоваў.
Агулам у 2023 годзе колькасьць заявак на атрыманьне шэнгенскай візы перавысіла 10,3 мільёна, што на 37% больш, чым у 2022 годзе. Сярод пададзеных заявак 82,3% ухвалілі (8,49 мільёна), у параўнаньні з 2022 годам працэнт ухваленых заявак вырас (у 2022 годзе было 78,4%).
У першую пяцёрку краін, грамадзяне якіх падалі найбольшую колькасьць заявак на атрыманьне шэнгенскай візы ў 2023 годзе ўвайшлі Кітай (1,11 мільёна), Турэччына (1,05 мільёна), Індыя (966 000), Марока (591 000) і Расея (520 387).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турыстычныя, працоўныя, гуманітарныя. Візавы гід для беларусаў