Суд у Горадні за рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога»
У Горадзенскім абласным судзе 15 траўня разглядаюць крымінальную справу жыхара Ліды Паўла Лукашэвіча, паведамляе «Вясна». Яго абвінавачваюць у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «абразе судзьдзі альбо народнага засядацеля» (арт. 391 КК) і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзеле ў ім» (ч. 3 арт. 361-1 КК).
Справу разглядае судзьдзя Юры Казакевіч, паведамляюць праваабаронцы.
Павал працаваў у філіяле кампаніі «Белтэкс оптык». Яго затрымалі 22 верасьня 2023 году і першапачаткова пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 дзён.
Пасьля затрыманьня зьявілася відэа сілавікоў, у якім затрыманы расказаў пра рэгістрацыю ў пляне «Перамога».
У той жа дзень сілавікі затрымалі і непасрэднага начальніка Паўла, майстра Аляксандра Аніскевіча, які, маючы інфармацыю, 21 верасьня пасьпеў папярэдзіць Лукашэвіча, што яго хочуць затрымаць, пасьля чаго той спрабаваў схавацца, піша @Grodno_grab. Аніскевіча пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь.
Адзінокую маці судзяць у Менску паводле трох артыкулаў
Менскі гарадзкі суд пачынае разгляд крымінальнай справы Кацярыны Шаблінскай-Івановай. Яе судзяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або звады»), ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»), ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Справу прызначана разглядаць судзьдзя Алена Шылько, паведамляе «Вясна».
Кацярына мянчанка, ёй 33 гады. Да затрыманьня, якое, меркавана, адбылося на пачатку верасьня 2023 году, жанчына адна выхоўвала 6-гадовага сына.
За спасылкі на «Витебский курьер news» будуць судзіць рэдактара выданьня Аляксандра Корнышава
Позвы ў суд рэдактар рэгіянальнага інтэрнэт-выданьня «Витебский курьер news» атрымаў арыгінальным чынам: міліцыянты даслалі іх як прыватныя паведамленьні праз сацыяльную сетку «ЎКантакце».
Такім жа чынам Аляксандар Корнышаў атрымаў і адміністрацыйныя пратаколы — у дакумэнтах пазначана, што для знаёмства зь імі ён у пастарунак «не зьявіўся».
З дасланага пратаколу ад 30 красавіка робіцца яснаю прычына адміністрацыйнага перасьледу. Рэдактар выданьня «Витебский курьер news» разьмясьціў на ўласнай старонцы «ЎКантакце» дзьве спасылкі на тэксты свайго ж інтэрнэт-рэсурсу, прызнанага 14 студзеня 2022 года судом Чыгуначнага раёну Віцебску «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Гэтым, паводле складальніка пратаколу Аляксандра Бальшакова, Аляксандар Корнышаў парушыў ч. 2 арт. 19.11 КаАП («распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
У другім пратаколе, складзеным 13 траўня тым самым супрацоўнікам райаддзелу міліцыі Першамайскага раёну Віцебску Аляксандрам Бальшаковым, абвінавачаньне паўтараецца. Яшчэ за дзьве спасылкі на «Витебский курьер news» рэдактара гэтага выданьня зноўку вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
«Фатаздымкі пратаколаў і позвы ў суд мне даслаў праз сацсетку «ЎКантакце» ўчастковы інспэктар Глеб Ласкін, які курыруе той участак, дзе знаходзіцца мае месца рэгістрацыі. У яго таксама ёсьць старонка «ЎКантакце», і такім чынам ён вырашыў са мной зьвязацца, бо ніякім іншым не атрымліваецца: у лістападзе 2020 году я зьехаў зь Беларусі. Тым ня менш у абодвух пратаколах сьцьвярджаецца, што я разьмяшчаў спасылкі, «находясь по месту жительства, а также в других неустановленных местах», — расказаў Аляксандар Корнышаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 траўня: пасьля вяртаньня з Польшчы затрымалі праграмістку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 13 траўня: У Менску затрымалі праграміста і дырэктара фірмы, у Гомлі — кіроўцу, сьвятароў у Віцебску засудзілі на суткі