Заснавальніц «Імагуру» будуць судзіць завочна

Сядзіба Imaguru ў Варшаве

Сядзіба Imaguru ў Варшаве

Супраць сузаснавальніц менскага стартап-хабу «Імагуру» распачалі спэцыяльнае вядзеньне.

Тацяне Марыніч і Анастасіі Хамянковай інкрымінавалі па 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Іх зьбіраюцца судзіць завочна, пішуць праваабаронцы.

Іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсьці ва Ўпраўленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Менску.

У сакавіку 2021 году ў менскі офіс «Імагуру» штурмавалі сілавікі ў масках, якія затрымалі некалькі дзясяткаў удзельнікаў устаноўчай канфэрэнцыі Лігі студэнцкіх аб’яднаньняў. Пасьля гэтага дзейнасьць бізнэс-прасторы ў Беларусі давялося згарнуць, а маёмасьць перадаць на дабрачынныя мэты.

Цяпер арганізацыя працуе за мяжой.

Заснавальніца «Імагуру» Тацяна Марыніч пасьля сьмерці свайго мужа, былога міністра замежнаэканамічных сувязяў і дыплямата Міхаіла Марыніча, выехала ў Гішпанію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальніца «Імагуру»: Зь Беларусі зьехалі больш за 100 тысяч супрацоўнікаў тэхналягічных кампаній

У Беларусі спэцвядзеньне адбываецца ў адносінах некалькіх дзясяткаў чалавек. Гэта вядзеньне ў крымінальнай справе ў дачыненьні абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі краіны.

Папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія даюць магчымасьць завочна праводзіць сьледзтва і суды над асобамі, якія знаходзяцца за мяжой, а таксама канфіскоўваць іх маёмасьць, набылі моц летась 27 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» стартап-хаб «Імагуру» і праваабарончы праект «Гомельская вясна»