Генштаб Украіны: «Сытуацыя на фронце складаная». На Данеччыне ідуць цяжкія баі

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандар Сырскі

Сытуацыя на фронце складаная і мае тэндэнцыю да абвастрэньня. Аб гэтым заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандар Сырскі на пасяджэньні Кантактнай групы па абараназдольнасьці Ўкраіны.

«Я (…) паінфармаваў удзельнікаў кааліцыі аб складанай апэратыўна-стратэгічнай абстаноўцы, якая мае тэндэнцыю да абвастрэньня», – паведаміў Сырскі ў сваім Тэлеграм-канале.

Паводле яго, партнэрам растлумачылі спэцыфіку расейскіх авіяўдараў па аб'ектах энэргетычнай інфраструктуры, а таксама аб тэрміновых патрэбах Украіны ў ракетах, боепрыпасах, узбраеньні і ваеннай тэхніцы. У прыватнасьці, камандуючы УСУ падкрэсьліў, што своечасовае паступленьне ўзбраеньня ва Ўкраіну мае ключавое значэньне.

Апошнія навіны з фронту

Як паведамляе УНІАН, самым складаным участкам сёньня зьяўляецца сяло Ачарэціна на Аўдзееўскім кірунку, дзе днямі расейскія войскі зьдзейсьнілі лякальны прарыў, які ставіць пад пагрозу суседнія ўчасткі ўкраінскай абароны. Як піша Forbes, спроба УСУ перагрупаваць тут абарону і адысьці на новыя пазыцыі можа прынесьці яшчэ больш праблем.

Прадстаўнік украінскай арміі Назар Валошын паведаміў у маратоне ўкраінскага тэлебачаньня, што расейскім войскам удалося прарвацца і замацавацца ў пэўнай частцы Ачарэціна. «УСУ прымаюць меры, каб выбіць ворага адтуль. Ідуць цяжкія баі. РФ засяродзіла там 4 брыгады. Нашыя таксама падцягнулі дадатковыя сродкі і сілы з рэзэрву», – сказаў ён.

СМІ паведамляюць, што расейскія войскі таксама захапілі некалькі суседніх вёсак, пашырыўшы зону кантролю каля Ачарэціна. За 9 месяцаў пасьля захопу Аўдзееўкі расейскія войскі прасунуліся на 12 км на захад.

Ва ўмовах ваенных дзеяньняў немагчыма спраўдзіць інфармацыю зь незалежных крыніц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заявы Тэртэля ўспрынялі ва Ўкраіне як анонс удару па кіеўскіх шпіталях. Іх эвакуавалі