Віленская беларуская паэтка і перакладчыца Ванда Марцінш душ Рэйш атрымала прэмію мэра Вільні за кнігу вершаў «Маланкі над Вільняй».
«Сказаць, што задаволеная, — нічога не сказаць. Грамадзкую частку сваёй дзейнасьці лічу важнейшай за літаратурную, таму гэта „не зусім літаратурная прэмія“ асабліва радуе. Вельмі ўдзячная сваім сябрам зь віленскага беларускага клюбу „Сябрына“, якія прынялі блудную авечку пасьля таго, як вярнулася з-за мяжы, і падтрымлівалі на кожным кроку», — напісала аўтарка на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Кніга «Маланкі над Вільняй», якую паэтка называе «падарункам роднаму гораду» была выдадзена фондам «Камунікат» у 2023 годзе. У трохмоўнае выданьне ўвайшлі арыгіналы вершаў па-беларуску і пераклады на літоўскую і польскую мовы.
Пераклад на польскую зрабіў віленскі польскі паэт Аляксандар Сьнежка. Уступ да кнігі напісаў Сяргей Харэўскі, піша bellit.info.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ванда Марцінш: «Я і паэткай стала толькі для таго, каб услаўляць Вільню па-беларуску»Ванда Марцінш нарадзілася ў 1959 годзе ў вёсцы Муляры на Пастаўшчыне. У 1980 годзе пераехала ў Вільню пасьля заканчэньня Віцебскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Таксама жыла ў Шатляндыі і Партугаліі. З 2017 году друкуецца ў альманаху «Беларус», публікавала падборкі вершаў у часопісе «Дзеяслоў» і ў газэце «Літаратура і мастацтва». Шмат перакладае літоўскіх, польскіх (віленскіх), ангельскіх, гішпанскіх і партугальскіх паэтаў.
Акрамя вершаў на беларускай мове, піша таксама і на літоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Някляеў, Янкута, Бахарэвіч, Харэўскі і Скурко. Найлепшыя кнігі 2023 году