15 красавіка расейская сьпявачка Ала Пугачова ў эміграцыі адзначае сваё 75-годзьдзе. Да гэтай даты яна выпусьціла новы сынгл пра каханьне «Я плачу» і абяцае яшчэ адзін. Словы і музыку напісаў Леанід Агуцін. Таблоід The Voice Mag піша, што кампазыцыя была гатовая яшчэ пяць гадоў таму. Пугачова плянавала выканаць яе на канцэрце, але не змагла з прычыны хваробы.
Расейскія дзяржаўныя тэлеканалы юбілей Алы Пугачовай праігнаравалі, паведамляе тэлеканал «Настоящее время».
Пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Пугачова выехала з Расеі зь дзецьмі і мужам, тэлевядоўцам Максімам Галкіным. Галкін публічна асудзіў вайну. Увесну 2022 году ён даў некалькі канцэртаў у Ізраілі, частку сродкаў ад якіх перавёў у фонды, якія дапамагаюць украінскім уцекачам.
У верасьні 2022 году расейскія ўлады прызналі Галкіна «іншаземным агентам». Пугачова публічна выступіла ў падтрымку мужа, заклікаўшы аб’явіць «іншаземным агентам» і яе саму. Празь месяц стала вядома, што песьні Пугачовай ня ставяць у эфір радыёстанцый холдынгу «Русской медиагруппы», піша «Коммерсантъ».
У сьнежні 2022 году ВВС уключыла Алу Пугачову ў сьпіс ста натхняльных і ўплывовых жанчын сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпявачка Ала Пугачова пра крытыку з боку прыхільнікаў вайны: «Былі халопамі, сталі рабамі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Але Пугачовай падарылі вышыванкі і беларускамоўны радавод