«На паседжаньні калектыву стала вядома пра кадравыя зьмены ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек», — адзначыла ўстанова на сваёй афіцыйнай старонцы ў фэйсбуку.
Дырэктар тэатру Дзьмітры Сямёнаў, як заяўляе старонка, прызначаны на іншую пасаду. Сёньня ў яго быў заключны працоўны дзень.
Дзьмітры Сямёнаў узначальваў калектыў Дзяржаўнага тэатру лялек з 1 сьнежня 2022 году.
«Жадаем Дзьмітрыю Сяргеевічу плёну на новай пасадзе і чакаем на нашых спэктаклях», — напісаў тэатар на разьвітаньне з былым кіраўніком.
Дзьмітры Сямёнаў — ужо трэці дырэктар тэатру, які пайшоў з такой пасады ў краіне за апошні час. На пачатку красавіка звольнілі мастацкага кіраўніка Віцебскага тэатру «Лялька» Віктара Клімчука. А раней, у сакавіку, — дырэктара Музычнага тэатру Сяргея Пукіту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі дырэктара Музычнага тэатру, дзе прасьпявалі песьню «Перамен!» гурту «Кіно» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі дырыгент, звольнены з Адэскай опэры, намагаецца ў судзе адстаяць сваю рэпутацыю