У Горадні зьнесьлі казармы канцы ХІХ ст., хоць дагэтуль улады абяцалі «рэканструкцыю»

Ілюстрацыйнае фота

Чарговая страта спадчыны ў Заходняй Беларусі. Грамадзяне дасылаюць зварот у Міністэрства культуры і гарадзкую пракуратуру.

Улады зьнішчылі горадзенскія казармы канца ХІХ ст. Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміў карыстальнік Miečysłaŭ Jan.

«Гэта было прадказальна, што „рэканструкцыя“ фактычна азначае зьнішчэньне. Дзеля капеешнай інвэстыцыі горад страціў вельмі цікавы і ўнікальны ў сваім родзе аб’ект, які можна было б пераўтварыць у штосьці вартае», — напісаў аўтар допісу.

Зьнесеныя казармы месьціліся на вуліцы Шчорса, 2 (раней яна насіла імя генэрала Бэма). «Аляксандраўскія казармы» да зносу захаваліся ў арыгінальным выглядзе, што вельмі рэдкая ў Беларусі зьява — і лічыліся адным з найстарэйшых вайсковых гарадкоў на тэрыторыі Беларусі, адзначае тэлеграм-канал Urban Hrodna.

Раней пра знос гаворка ня йшла — зьбіраліся менавіта перарабіць будынкі пад элітнае жытло.

Казармы ахоўваліся як шараговая гістарычная забудова, фасады мяняць было забаронена. Пры гэтым восеньню 2023 году ў праекце нечакана вырасла колькасьць паверхаў і кватэр.

Як паведаміў тэлеграм-канал «Спадчына», у Міністэрства культуры Беларусі і пракуратуру Горадні даслалі патрабаваньне спыніць зьнішчэньне культурных каштоўнасьцяў і прыцягнуць датычных да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 344 КК «Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў або культурных каштоўнасьцяў, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці».

Людзям прапануюць даслаць адпаведны зварот.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта зьнішчылі «Бярозку»? Як у Менску зьнікаюць знакавыя мясьціны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзе з магілы ксяндза зьнік герб паўстаньня Каліноўскага