Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што замарожваньне дзейнасьці краіны ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) — гэта палітычнае рашэньне і пазыцыя дзяржавы.
«Палітычныя рашэньні і пазыцыі ня варта блытаць зь юрыдычнымі працэсамі. Так, мы фактычна замарозілі нашу дзейнасьць у АДКБ», — працытавала Нікола Пашыньяна дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Armenpress.
Прэм’ер Армэніі ўдакладніў, што краіна ня ўдзельнічае ў пасяджэньнях арганізацыі, не выкарыстоўвае сваю квоту для прызначэньня намесьніка генэральнага сакратара, не выказвае думкі наконт дакумэнтаў, якія цыркулююць у АДКБ.
Нікол Пашыньян паведаміў, што Армэнія зьвярталася ў АДКБ з просьбай удакладніць зону адказнасьці структуры ў краіне.
«Мы не стваралі праблему, зьвязаную з АДКБ. Усе праблемы ўзьніклі з таго моманту, калі мы паднялі пытаньне, якая зона адказнасьці АДКБ у Армэніі, і не атрымалі адказу на гэтае пытаньне», — сказаў кіраўнік ураду Армэніі.
Паводле яго, у часе розных абмеркаваньняў Армэніі атрымала вельмі дакладную пазыцыю сваіх партнэраў па АДКБ і Расеі: сувэрэнная тэрыторыя Армэніі ёсьць для іх «чырвонай лініяй». Аднак у траўні і лістападзе 2021-га, а пазьней у верасьні 2022 году адбыліся падзеі, калі гэтую «чырвоную лінію» перасяклі, а крокі, прадугледжаныя статутам АДКБ у часе крызісных сытуацыяў, не былі выкананыя.
Нікол Пашыньян дадаў, што ў выпадку дакладнага адказу АДКБ, як арганізацыя бачыць сувэрэнную тэрыторыю Армэніі, прычым адказ будзе адпавядаць бачаньню Армэніі, гэта будзе азначаць разьвязаньне ўзаемных пытаньняў.
«У супрацьлеглым выпадку Армэнія выйдзе з АДКБ. Калі менавіта, не магу сказаць», — падкрэсьліў Нікол Пашыньян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване заявілі аб намеры паглыбляць дачыненьні з Эўразьвязам настолькі, наколькі да гэтага гатовы БрусэльУ сакавіку Армэнія афіцыйна заявіла аб спыненьні працы расейскіх памежнікаў у аэрапорце Ерэвану.
У лютым улады Армэніі абвясьцілі пра замарожваньне ўдзелу краіны ў АДКБ.
Неўзабаве пасьля гэтага старшыня парлямэнту краіны Ален Сіманьян заклікаў вывесьці супрацоўнікаў памежнай службы ФСБ Расеі зь ерэванскага аэрапорту Звартноц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія спыняе працу расейскіх памежнікаў у Ерэванскім аэрапорце