«Самы моцны той, хто ў бітве дабра са злом становіцца на бок дабра, а не спрабуе зраўняць іх, назваўшы гэта „перамовамі“. Што да белага сьцяга, то па гісторыі першай паловы ХХ стагодзьдзя нам вядома гэтая стратэгія Ватыкану. Заклікаю не паўтараць гістарычныя памылкі і пасьлядоўна падтрымліваць Украіну і яе народ у справядлівай барацьбе за ўласнае жыцьцё», — адзначыў Кулеба, камэнтуючы словы пантыфіка.
Украінскі міністар падкрэсьліў, што «Ўкраіна ня будзе падымаць іншыя сьцягі».
«Наш сьцяг — сіне-жоўты. Пад ім мы жывем, паміраем і перамагаем. Мы ня будзем паднімаць іншыя сьцягі», — сказаў кіраўнік МЗС Украіны.
Ён выказаў надзею, што «Папа Францішак зможа знайсьці магчымасьць наведаць Украіну».
«Мы ўдзячныя Яго Сьвятасці Папу Францішку за пастаянныя малітвы за мір і працягваем спадзявацца, што пасьля двух гадоў руйнавальнай вайны ў сэрцы Эўропы ён знойдзе магчымасьць зрабіць апостальскі візыт ва Ўкраіну, каб падтрымаць больш за мільён украінцаў-каталікоў, больш за пяць мільёнаў грэка-каталікоў, усіх хрысьціян і ўсіх украінцаў», — напісаў Кулеба.
Раней Папа Рымскі Францішак у інтэрвію для швэйцарскай тэлерадыёкампаніі RSI у кантэксьце вайны Расеі супраць Украіны заклікаў Украіну да перамоваў, а таксама казаў пра мужнасьць падняць «белы сьцяг».
«Я думаю, што наймацнейшы той, хто глядзіць на сытуацыю, думае аб людзях, мае мужнасьць „белага сьцяга“ і вядзе перамовы», — сказаў Францішак, дадаўшы, што перамовы павінны праходзіць пры пасярэдніцтве іншых дзяржаў.
«Слова „перамовы“ насамрэч мужнае. Калі вы бачыце, што церпіце паразу, што справы ідуць не лепшым чынам, вы павінны мець мужнасьць весьці перамовы», — сказаў Францыск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі заклікаў Украіну да перамоваў з РасеяйКіраўнік прэсавай службы Ватыкану Матэа Бруні растлумачыў, што сваімі словамі адносна Ўкраіны Папа Рымскі Францішак меў намер «заклікаць да спыненьня агню і аднавіць сьмеласьць перамоваў», але ня меў на ўвазе капітуляцыю.
8 сакавіка прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган зноў прапанаваў сваю краіну як пляцоўку для перамоваў паміж Кіевам і Масквой, у тым ліку «мірнага саміту» з удзелам Расеі. Зрэшты, па выніках перамоваў у Стамбуле прэзыдэнты Ўкраіны і Турэччыны Ўладзімір Зяленскі і Рэджэп Эрдаган выказалі розныя падыходы да пытаньня ўдзелу Расеі ў перамовах аб завяршэньні вайны.
- На прэсавай канфэрэнцыі 25 лютага прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чарговы раз заявіў, што ня бачыць магчымасьці весьці мірныя перамовы з Пуціным, і што Ўкраіна прапануе «пляцоўку, на якой ён (прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін) можа пагадзіцца з тым, што ён прайграў гэтую вайну».
- У лістападзе 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прадставіў плян, які складаецца зь дзесяці пунктаў, вядомы як «формула міру». У прыватнасьці, ён прадугледжвае, што любыя перамовы з Масквой могуць пачацца толькі па вяртаньні ёю ўсіх занятых тэрыторый, у тым ліку Крыму, і вываду войскаў з усіх акупаваных ёю рэгіёнаў. У верасьні 2022 году ва Украіне зацьвердзілі рашэньне, якое прадугледжвае, у прыватнасьці, немагчымасьць вядзеньня перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW), які прааналізаваў паведамленьні ў заходніх СМІ аб магчымых «сыгналах Крамля» пра гатоўнасьць да перамоваў, заяўляе, што максымалісцкія мэты Расеі — кантраляваць Украіну і аслабіць NATO — застаюцца нязьменнымі.
- У жніўні 2023 году адбыўся скандал, зьвязны зь іншай заявай Папы Францішка пра Расею. Словы, якія выклікалі пратэст Кіева, папа прамовіў на онлайн-сустрэчы з расейскай каталіцкай моладзьдзю 25 жніўня.
- «Ніколі не забывайце пра спадчыну. Вы нашчадкі вялікай Расеі: вялікай Расеі сьвятых, кіраўнікоў, вялікай Расеі Пятра I, Кацярыны II, той імпэрыі — вялікай, асьвечанай, вялікай культуры і вялікай чалавечнасьці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны. Вы нашчадкі вялікай Расеі-матухны, ідзіце наперад з гэтым», — сказаў Францішак.
- У тэксьце, апублікаваным на сайце кіраўніка Ватыкану, гэтага выказваньня не было, аднак было апублікаванае відэа, на якім Францішак прамаўляе гэтыя словы па-італьянску.