19 лютага Юлія Навальная выступіла са зваротам да Рады Эўразьвязу ў замежных справах. Тэкст звароту 20 лютага апублікавала каманда Навальнага.
У сваім звароце ўдава Аляксея Навальнага заклікала не прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць у сакавіку гэтага году ў Расеі, а таксама ўвесьці санкцыі супраць «давераных асобаў» і «сяброў» Уладзіміра Пуціна — паводле яе, гэта «каля 500 чалавек — знакамітасьці, сьпевакі і акторы, якія агітуюць за Пуціна і пры гэтым маюць нерухомасьць у Эўропе». Яна таксама папрасіла «заўсёды рабіць адрозьненьне паміж Пуціным і Расеяй» і заклікала дапамагаць расейцам, якія ўцякаюць у Эўразьвяз ад «вайны і дыктатуры».
Раніцай 20 лютага карыстальнікі сацсеткі Х выявілі, што акаўнт Навальнай падпаў пад ценявы бан, а празь некалькі гадзін быў заблякаваны цалкам з прычыны «парушэньня правілаў сацсеткі». Пазьней яе акаўнт аднавілі.
Акаўнт Юліі Навальнай у Х быў створаны напярэдадні, за суткі на яе старонку падпісаліся больш за 90 тысяч чалавек.
Напярэдадні Юлія Навальная паабяцала прадоўжыць справу мужа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра Юлію Навальную, якая заявіла, што працягне справу памерлага ў расейскай турме мужаТым часам Людміла Навальная, маці Аляксея Навальнага, запісала відэазварот да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з патрабаваньнем аддаць ёй цела забітага сына.
«Я зьвяртаюся да вас, Уладзімір Пуцін, вырашэньне пытаньня залежыць толькі ад вас. Дайце мне нарэшце ўбачыць майго сына. Я патрабую неадкладна выдаць цела Аляксея, каб я яго магла па-чалавечы пахаваць», — кажа Людміла Навальная ў звароце. Відэа было запісанае на фоне калёніі ВК-3 «Палярны воўк» у Харпе, дзе памёр Навальны.
- Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага.
- Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, меркавана на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
- Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.
- З моманту, калі ўпраўленьне службы выкананьня пакараньняў Расеі па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла пра сьмерць Аляксея Навальнага, у Сьледчы камітэт Расеі накіравалі 46 464 запыты аб выдачы цела палітыка сваякам.
- У морг Салехарда, дзе павінна знаходзіцца яго цела, не пускаюць маці і адвакатаў Аляксея Навальнага. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка палітыка Кіра Ярмыш.
- Расьсьледаваньне абставінаў гібелі Навальнага падоўжылі; колькі яно працягнецца, невядома, пра гэта маці палітыка паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.
- «Прычына сьмерці пакуль „нявызначаная“. Хлусяць, марнуюць час і нават не хаваюць гэтага», — напісала прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
- Як адзначае «ОВД-Инфо», працэсуальная праверка Сьледчага камітэту па факце сьмерці Навальнага дазваляе адтэрмінаваць выдачу ягонага цела сваякам на 30 дзён. Калі завядуць крымінальную справу, труп могуць не аддаваць і даўжэй.
- Раней «Медиазона» публікавала відэа з камэр відэаназіраньня, усталяваных на пераезьдзе паміж Лабытнанга і Салехардам. У ноч на 17 лютага камэры фіксавалі рух картэжа ФСІН па пераезьдзе. Па словах журналістаў, знойдзенае імі відэа сьведчыць, што цела Навальнага спэцыяльна хавалі ад сваякоў.