Масавае забойства ў Воршы. Знайшлі чатыры дзіцячыя целы

Супрацоўнікі Сьледчага камітэту, ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі Сьледчага камітэту, ілюстрацыйнае фота

Сьледзтва ў справе пад кантроль узяў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту. У забойстве падазраюць маці дзяцей, якая знаходзілася ў дэкрэце.

Паведамленьне прыйшло позна ўвечары 14 лютага. Знойдзеныя трупы чацьвярых малых дзяцей. Сьледчыя працуюць на месцы здарэньня ў Воршы.

Дзецям ад 1 да 8 гадоў, на іх целах йсьць прыкметы гвалтоўнай сьмерці, даведаўся сайт Orsha.eu. Паводле папярэдняй інфармацыі, да здарэньня можа мець дачыненьне іхная 36-гадовая маці, якую ўжо затрымалі.

Здарэньне афіцыйна пацьвердзіў Сьледчы камітэт. На месца адразу прыехалі сьледчыя абласнога апарату і супрацоўнікі міліцыі.

36-гадовая жанчына, якая меркавана забіла чацьвярых сваіх дзяцей, спрабавала «ўскрыць сабе вены», паведаміў набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал.

Адзначаецца, што ўсяго ў яе шасьцёра дзяцей. Чацьвярых жанчына меркавана задушыла пасьля таго як яе мужа забралі ў лячэбна-працоўны прафілякторый, а органы сацыяльнай апекі пачалі працэс, каб забраць дзяцей зь сям’і. Трагедыя адбылася на вуліцы Завадзкага.

Крыніца, блізкая да сям’і, расказала «Медиазоне», што дзяцей знайшла іх бабуля. Па словах крыніцы, трое дзяцей вучыліся ў школе № 20 у Оршы. Старэйшы сын — у 11 клясе, ягоны брат — у 8-м, сястра — у першым. Яшчэ траім дзецям было ад года да пяці.

Паводле крыніцы выданьня, жанчыну ня бачылі пʼянай, але часта быў пʼяны яе муж. Крыніца сьцьвярджае, што ён зьбіваў яе — знаёмыя бачылі яе зь сінякамі ў дзіцячым садзе. Па словах знаёмых, сямʼя жыла бедна, адна з суседак аднойчы зьбірала па горадзе дапамогу для іх — цацкі і адзеньне для дзяцей. У дзяцей былі розныя бацькі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нельга чакаць зьмены рэжыму». Катастрофа з хатнім гвалтам толькі пагаршаецца

Распачата крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 139 («Забойства дзьвюх і больш асобаў, учыненае ў дачыненьні малалетніх») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Маці дзяцей затрымалі, зь яе ўдзелам праводзяцца сьледчыя дзеяньні. На месца здарэньня накіравалі сьледчую групу цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту, якая прыме крымінальную справу у сваё вядзеньне.

Расьсьледаваньне цяжкой крымінальнай справы на асабісты кантроль узяў старшыня СК Дзьмітры Гара.

Прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Валеры Талкачоў заявіў, што сям’ю раней правяралі на выкананьне сацыяльных нормаў шэсьць разоў. Апошняя праверка сацыяльных службаў выявіла, што ў доме сыстэматычна адсутнічала ежа.

Праверка прайшла ў студзені, і дзяцей афіцыйна прызналі «малалетнімі асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Беларусі вызначылі тры гарады, у якіх правядуць рэгенэрацыю забудовы ў гістарычных цэнтрах