Прычына здарэньня — у шасі.
31 студзеня раніцай рэйс «Белавія» B2975, які вылецеў з Нацыянальнага аэрапорту «Менск» у 7:54 і накіроўваўся ў Маскву, адразу пасьля ўзьлёту заняў зону чаканьня і, зрабіўшы некалькі кругоў у небе (выконваючы неабходныя працэдуры), прызямліўся зноў у менскім аэрапорце. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал @motolkohelp.
Паводле крыніц каналу, на борце Boeing 737-8ZM (EW-457PA) знаходзілася больш за 40 пасажыраў, а прычына вяртаньня — самалёт ня здолеў схаваць шасі.
У выніку пасажыраў адправілі ў Маскву на іншым самалёце авіякампаніі — «танкалёце» EW-254PA, а затрымка іх вылету склала 2,5 гадзіны.
Дзяржаўная авіякампанія «Белавія» пакуль не паведаміла пра гэтае здарэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаго вы сюды прыперліся?». Ізраільцяніна не пусьцілі ў Беларусь праз падпіску ў тэлеграме ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У параўнаньні з 2019 годам колькасьць пасажыраў менскага аэрапорта ўпала ў два разы