У Літве працягнецца дыскусія аб прававым становішчы беларусаў і кіраваньні мяжой. Словы прэмʼер-міністаркі краіны Інгрыды Шыманіце пра гэта, сказаныя ў інтэрвію тэлеканалу LRT, прыводзіць выданьне Reform.by.
«Я б сказала, што нам трэба знайсьці балянс, як гэта часта бывае ў палітыцы, паміж нашай перакананасьцю ў тым, што мы ня хочам зьмешваць усіх беларусаў з Лукашэнкам, але нам трэба кіраваць рызыкамі. Мы працягнем дыскусію аб тым, як кіраваць гэтымі рызыкамі — ці то шляхам скарачэньня патоку празь мяжу, ці то шляхам усталяваньня дадатковых патрабаваньняў да тых, хто атрымлівае часовы дазвол на жыхарства ў Літве, ці то нейкім іншым шляхам, зьніжаючы нагрузку на нашыя інстытуты. Магчыма, у студзені ў нас будуць прапановы», — сказала Шыманіце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве штогод разглядаюць каля 18 тысяч заявак на ДНЖ, 20–30% зь іх ад беларусаў, — Дэпартамэнт міграцыі краіныПаводле яе слоў, трансьмежны паток паміж Беларусьсю і Літвой застаецца вялікім. Хоць Літва і не выдае беларусам новых візаў, яны могуць атрымліваць іх у іншых краінах ЭЗ. Шыманіце ня выключыла далейшых абмежаваньняў на мяжы.
«Мне здаецца, што сам паток, які знаходзіцца на ўзроўні нашых цяперашніх адносінаў, не зусім адэкватны, хоць ёсьць і супрацьлеглыя меркаваньні. Самі беларусы, прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі ў Літве, імкнуцца да лягчэйшых умоваў. Мы кажам: не, мы павінны кіраваць рызыкамі, нам давялося закрыць два памежныя пасты і такім чынам скараціць паток. І я б не выключала, што гэта давядзецца рабіць і ў будучыні», — дадала прэм'ер-міністарка Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра новыя абмежаваньні для беларусаў літоўскія палітыкі пакуль спрачаюцца, — камэнтар літоўскага палітолягаЛетась Сейм прыняў законапраект аб абмежаваньнях для беларусаў і расейцаў. Пры гэтым для грамадзян Беларусі ўвялі мякчэйшыя абмежаваньні. Прэзыдэнт Гітанас Наўседа наклаў вэта на законапраект, аднак Сейм пераадолеў забарону. У выніку закон прынялі ў рэдакцыі зь меншымі абмежаваньнямі для грамадзян Беларусі.
У канцы лета Наўседа некалькі разоў заявіў, што трэба вярнуцца да пытаньня ўзмацненьня жорсткасьці абмежаваньняў для беларусаў, аднак так і ня выступіў з заканадаўчай ініцыятывай. У канцы году зьявіўся законапраект, прапанаваны старшынём камітэту Сейму Літвы па нацыянальнай бясьпецы і абароне Лаўрынасам Кашчунасам разам з дэпутатамі Аўдронюсам Ажубалісам і Паўлюсам Саўдаргасам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дадатковых абмежаваньнях для беларусаў і расейцаў літоўскія юрысты заўважылі неадпаведнасьць заканадаўству ЭЗ
Ён прадугледжвае дадатковыя абмежаваньні ў выдачы візаў для грамадзян Беларусі і Расеі, а таксама адмову выдаваць дазвол на жыхарства беларусам, якія прыбылі ўпершыню, за выключэньнем рэпрэсаваных і высокакваліфікаваных адмыслоўцаў. Мін'юст Літвы знайшоў у законапраекце супярэчнасьці з заканадаўствам ЭЗ.
Дэпартамэнт міграцыі Літвы летась узмацніў жорсткасьць падыходаў да выдачы дазволаў на жыхарства для грамадзян Беларусі. Раней паведамлялася, што адмовілі 1099 беларусам. У 939 выпадках адмовы былі матываваныя патэнцыйнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомы літоўскі актор распавёў, што ягонай жонцы-беларусцы давялося вярнуцца на радзіму, бо ёй не падоўжылі ДНЖ. Улады адрэагавалі