У Менскім градзкім судзе з 4 кастрычніка разглядалі справу былога вайскоўца Паўла Кучынскага, якога затрымалі ў сярэдзіне верасьня 2022 году. Працэс узначальваў судзьдзя Аляксандар Рыбакоў, піша «Вясна».
15 сьнежня Кучынскаму вынесьлі вырак, паводле сямі артыкулаў КК прысудзіўшы 19 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Паводле зьвестак аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, Кучынскі мог мець дачыненьне да справы інкасатараў «Белгазпрамбанка» (яго раней узначальваў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка), затым яго нібыта спрабавалі выкарыстоўваць у правакацыі супраць ByPol (абʼяднаньне былых сілавікоў), паведамляюць праваабаронцы.
Кучынскага абвінавацілі паводле сямі артыкулаў КК: ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»), ч. 2 арт. 2953 («Незаконныя дзеяньні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў»), ч. 2 арт. 2905 («Арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасьці такой арганізацыі»), ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), ч. 2 арт. 2904 («Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй»), ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»), ч. 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»).
Арганізацыя былых сілавікоў Беларусі ў мінулым верасьні пісала, што Павал Кучынскі быў затрыманы ў сувязі зь верагодным дачыненьнем да справы «інкасатараў»:
«Спэцслужбы пад катаваньнямі прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, у рамках якой апошні выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі ByPol і прапанаваў зьдзейсьніць акцыі прамога дзеяньня. Усе перамовы і перапіска фіксавалася».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тата — украінец, жылі на памежжы. Што вядома пра сям’ю, затрыманую ў Гомлі за «здраду дзяржаве» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 сьнежня: У Гомлі за «здраду дзяржаве» затрымалі цэлую сям'ю; ператрус у кіраўніка фонду «Вольная Беларусь»