2 студзеня ўкраінскія вайскоўцы зьбілі ўсе 35 бесьпілётнікаў і 72 з 99 расейскіх ракет, паведаміў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны.
Паводле яго слоў, войскамі СПА зьбітыя 10 з 10 аэрабалістычных ракет Х-47М2 «Кінжал», 59 з 70 крылатых ракет Х-101/Х-555/Х-55, тры з трох крылатых ракет «Калібр».
Залужны адзначыў, што 2 студзеня расейскія войскі паўтарылі масавую атаку з авіяўдарамі рознага тыпу, як гэта было некалькі дзён таму, 29 сьнежня.
У Кіеве выбухі адбываліся ў 8 з 10 раёнаў.
«У прыватнасьці, у Галасееўскім раёне абломак ракеты ўпаў на адкрытую тэрыторыю парку. Выбухі на Абалоні», — заявіў мэр Кіева Віталь Клічко.
Пасьля Клічко дадаў, што ў Пячэрскім раёне па выкліку выехалі экстраныя службы.
Кіраўнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко ўдакладніў, што ў Пячэрскім раёне абломкі ўпалі на дах шматпавярховага дома, у Абалоні — на тэрыторыю складоў.
Пасьля стала вядома аб падзеньні аскепкаў на будынак у Сьвятошынскім раёне.
Клічко таксама паведаміў аб адсутнасьці энэргазабесьпячэньня часткі аб’ектаў і жылых дамоў у некалькіх раёнах гораду.
У выніку ракетнай атакі адбылося ўзгараньне ў шматпавярховіку ў Саломенскім раёне. На гэты момант вядома пра аднага загінулага, 27 атрымалі раненьні і траўмы.
Раней Паветраныя сілы Ўкраіны папярэджвалі аб вялікай колькасьці ракет у кірунку сталіцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вёску ў Варонескай вобласьці ўпала расейская ракета, якая не даляцела да ЎкраіныАб абстрэлах паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
«Акупанты нанесьлі ўдары па Харкаве», — напісаў ён і заклікаў жыхароў рэгіёну не выходзіць са сховішчаў да зняцця трывогі да адбою трывогі.
Паводле мэра Харкава Ігара Церахава, горад пад інтэнсіўным ракетным ударам — пашкоджаны дамы і іншая цывільная інфраструктура. 41 чалавек пацярпеў, адзін — загінуў.
Уначы 2 студзеня расейскае войска нанесла масавую атаку дронамі, падчас якой сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны зьбілі ўсе 35 бесьпілётнікаў, паведамлялі ў ВПС.
Чарговую расейскую атаку на Ўкраіну пракамэнтаваў прэзыдэнт краіны Ўладзімір Зяленскі:
«Зараз працягваецца ліквідацыя наступстваў чарговага расейскага нападу. Задзейнічаны ўсе неабходныя службы. Больш за 500 ратавальнікаў ДСНС, камунальнікаў, энэргетыкаў, міліцыянтаў. Кіеў і вобласьць, Харкаў. На гэты момант вядома пра 92 параненых. Усе атрымліваюць дапамогу. На жаль, чатыры чалавекі загінулі. Мае спачуваньні родным і блізкім.
Ужо трэція суткі нашы байцы СПА робяць неймаверную працу. З 31 сьнежня расейскія нелюдзі выкарысталі ўжо каля 170 „шагедаў“ і дзясяткі рэактыўных снарадаў розных тыпаў. Абсалютная большасьць зь іх была накіравана на цывільныя аб’екты. Я дзякую ўсім партнэрам, якія дапамагаюць ва ўмацаваньні нашага паветранага шчыта. І відавочна, што гэта дапамагае ратаваць сотні жыцьцяў кожны дзень і кожную ноч, якія забраў бы расейскі тэрор, калі б не „Патрыёты“ і іншыя сыстэмы абароны.
Сёлета мы працягнем працаваць з усімі ў сьвеце, хто шануе жыцьцё, каб яшчэ больш умацаваць наш паветраны шчыт і прыцягнуць Расею да адказнасьці за тое, што яна зрабіла. Тэрарыстычная дзяржава павінна адчуваць наступствы таго, што яна робіць».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.