Адзін мужчына на мяжы сказаў журналістам, што стаіць ужо 49 гадзін. Ён такіх чэргаў яшчэ ня бачыў. Большасьць, як перадаюць літоўскія журналісты, не хавала, што едуць у Беларусь на сьвяты.
Чэргі цягачоў на мяжы напрыканцы года нікога не зьдзіўляюць, але такіх чэргаў легкавых машын не бачылі і пагранічнікі.
«90%, а часам і 95% тых, хто стаіць у чарзе — гэта беларусы, якія едуць дадому. Калі іх так шмат, натуральна, што КПП не спраўляюцца з патокам», — сказаў LNK прэс-сакратар Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс.
Пагранічнікі запэўніваюць, што працуюць у паскораным тэмпе, прапускаюць больш аўто, чым звычайна.
«Калі ў звычайны дзень за суткі праяжджае 850 машын, то цяпер — 1200. Натуральна, што нават павышэнне прапускной здольнасьці не дапамагае змагацца з чэргамі. Гэта значыць, што паток вельмі вялікі», — сказаў Мішуціс.
Многія беларусы прыяжджаюць у Літву па пакупкі, вяртаюць ПДВ. Усе гэтыя дакумэнты на мяжы правярае мытня, дадае LNK. Аднак паводле прадстаўніцы Мытнага дэпартамэнта Ірміны Фраловай-Мілашэне, у чэргах стаяць у асноўным беларусы, якія жывуць і працуюць у Літве ці ў іншых краінах Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад сёньня вырас мінімальны заробак. А неўзабаве павялічаць цэны на алькаголь, тытунь і паліва