Паэт Уладзімір Някляеў разьмясьціў на сваёй ФБ-старонцы каляднае віншаваньне беларусам: кліп новай песьні на ягоны верш.
Музыка Зьмітра Вайцюшкевіча, візуалізацыю зьдзейсьніла мастачка Аляксандра Канафальская, якая малявала карцінкі «пяском на шкле».
«Карцінкі на шкле зьяўляюцца праявай народнага мастацтва, якое было пашырана ў Беларусі з канца XIX cт.па 1960 гады XX ст. Абразы на шкле зьявіліся раней за шкляныя сьвецкія карцінкі, але хутка зьніклі з ужытку. Разам з маляванымі дыванамі, вышытымі ручнікамі і тканымі посьцілкамі карцінкі на шкле фарміравалі цэласны ансамбль пасьляваеннага вясковага інтэр’ера. Звычайна гэтыя карцінкі ўяўлялі сабой арыгінальныя творы з выявамі коцікаў, галубоў і паненак, якія можна было набыць на кірмашах або ў вандроўных гандляроў», – гаворыцца ў апісаньні да кліпа.
«Каляднае танга» прасьпяваў Зьміцер Вайцюшкевіч.