Алесь Пушкін — «Чалавек Cвабоды – 2023»

Алесь Пушкін (1965–2023) стаў пасьмяротным ляўрэатам прэміі «Чалавек Cвабоды – 2023». Беларуская служба Радыё Свабода штогод прысуджае гэтую ўзнагароду тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, сьвету.

Мастак, рэстаўратар, пэрформэр. Беларус. Пушкін ствараў беларускі сьвет на мастацкіх палотнах і ў царкоўных абразах, на адзіночных пікетах і масавых акцыях пратэсту, малюючы беларускіх герояў і аднаўляючы архітэктурныя помнікі, размаўляючы па-беларуску і выхоўваючы дзяцей беларусамі.

«Беларусь — мая зямля, беларускамоўны Пушкін тут — рэальнасьць», — фармуляваў ён сваё крэда.

Your browser doesn’t support HTML5

Алесь Пушкін — «Чалавек Cвабоды – 2023»

Нязломны носьбіт свабоды, ён упарта пашыраў беларускі сьвет — і шмат нацярпеўся за гэта. Ад першага арышту ў 1988-м за заклікі выходзіць на «Дзяды» ў Менску да затрыманьня 30 сакавіка 2021 году ў вёсцы Жылічы, дзе мастак працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён паваяваў у Афганістане, яго выключалі з інстытуту, затрымлівалі, звальнялі, судзілі, білі... А ён працягваў цьвердзіць сваё: «Я хачу, каб над намі не было акупантаў. І Лукашэнка — гэта ёсьць акупацыя».

І не скарыўся, не саступіў. Увесну 2021-га творца вярнуўся з кіеўскай выставы на радзіму, дзе віравалі палітычныя рэпрэсіі, а яго асабіста чакала крымінальная справа за карціну антысавецкага падпольшчыка Аўгена Жыхара.

«Гэта і ёсьць перасьлед мяне з боку дзяржаўных інстытуцый цяперашняй улады за творчую дзейнасьць, іншадумства, неабыякавае стаўленьне да гісторыі свайго краю», — пісаў Пушкін ужо з-за кратаў улетку 2021-га.

На Дзень Волі 25 сакавіка 2022, падчас суду, палітзьняволены мастак на знак пратэсту выразаў на сваім целе ад грудзей да пояса вялікі крыж. Падчас абвяшчэньня прысуду (5 год турмы) Пушкін разьдзеўся, каб былі відаць драпіны ў форме крыжа, і запатрабаваў вызваліць усіх палітвязьняў.

«Роля мастака антымілітарная, антываенная. Нельга забіваць адзін аднаго дзеля розных перакананьняў. Трэба ў любых умовах дамаўляцца і мірна суіснаваць», — Пушкін заставаўся пацыфістам і, здавалася, ня меў нянавісьці да тых, хто яго катаваў.

Нават за кратамі, у жахлівых умовах, ён працягваў маляваць, даючы іншым спадзеў.

11 ліпеня 2023 году, пасьля васьмі месяцаў у невыносных умовах крытай горадзенскай турмы № 1, 57-гадовы Алесь Пушкін памёр у шпіталі хуткай дапамогі Горадні. У дакумэнтах «прычына сьмерці невядомая». 13 ліпеня мастака пахавалі на яго радзіме ў вёсцы Бобр. Ад затрыманьня да сьмерці ў рэанімацыі ён пражыў 833 дні.

Алесь Пушкін цягам чвэрці стагодзьдзя пісаў сваю «Карціну Свабоды», абяцаючы скончыць, «калі Беларусь будзе вольнай». Калісьці яна стане цэнтральным экспанатам у дзяржаўным музэі Алеся Пушкіна. У Беларусі Алесевай мары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбывалася з Алесем Пушкіным апошнія 2,5 года і хто за гэта адказны. Хроніка

Папярэднія ляўрэаты прэміі «Людзі Cвабоды»:

Іншыя вынікі году ад Свабоды:

Беларускае слова 2023 году — мова«Стэндап-клюб імя Зоські Верас», школа традыцыйнага строю Ваданосавай, «Палітвязынка». Расказваем пра найважнейшыя жаночыя праекты 2023 году«Залежнасьць ад Расеі стала татальнай», — эканаміст Крук пра вынікі году