Беларускае слова 2023 году — мова

Слова 2023 году — „мова“

Як і ў іншых мовах Эўропы і сьвету, у беларускай мове вызначаецца „Слова году“. І сёлета гэтае слова — МОВА.

Сьцісла

  • „Беларускае слова году“ выбіраецца ўжо дзясяты раз. У онлайн-галасаваньні больш як 2000 чалавек вызначылі першыя чатыры месцы для словаў мова, лацінка/łacinka, пашпарт, надзея.
  • Слова мова ўзяло 19% галасоў. Яно было ўжо ў леташнім фінале галасаваньня — на 4-м месцы (на 1-м — вайна).
  • Значыць, многія беларусы ўсьведамляюць праблему захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, у тым ліку моўнай.
  • Відавочна, пад словам мова часта маюць на ўвазе менавіта беларускую мову; сярод намінаваных былі словазлучэньні наша мова, родная мова, беларуская мова.
  • Атака ўладаў на лацінку паказала, што беларуская лацінка / łacinka — культурна-цывілізацыйная каштоўнасьць, несумяшчальная з „русским миром“
  • У ангельскамоўным сьвеце сёлетнія „Словы году“ зьвязаныя з штучным інтэлектам. У беларускім конкурсе тэрмін „штучны інтэлект“ быў у фінальнай дзясятцы, заняў 8-е месца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскі слоўнік Collins назваў слова году-2023

„Беларускае слова году“ вызначаецца ўжо дзясяты раз. Спачатку чытачы сацыяльных сетак разам з экспэртамі — журналістамі й мовазнаўцамі — намінуюць 10 словаў у „кароткі сьпіс“. Спаборнічаць могуць словы і зусім новыя, і даўнія, але важныя сёлета, асабліва калі зьмянілася іх значэньне ці ўспрыманьне.

У онлайн-галасаваньні на розных інтэрнэт-рэсурсах сумарна ўдзельнічалі больш як 2000 чалавек. Першыя чатыры месцы зь вялікім адрывам занялі словы мова, лацінка, пашпарт, надзея.

А ў іншых ужо пануе штучны інтэлект

Традыцыйна раней за ўсіх вызначаюць „Слова году“ ангельскамоўныя краіны і лексыкаграфічныя ўстановы. Там словы-чэмпіёны адлюстравалі значную цывілізацыйную навацыю, пра станоўчы і адмоўны ўплыў якой ідуць спрэчкі, але якая ўжо ўварвалася ў штодзённае жыцьцё чалавецтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад звальненьнем гендырэктара OpenAI дасьледчыкі папярэдзілі раду дырэктараў пра «адкрыцьцё, якое можа пагражаць чалавецтву», — Reuters

Collins Word of the Year 2023 і ёсьць абрэвіятура AI = artificial intelligence. Рэдакцыя Кембрыдзкага слоўніка прызнала „Словам 2023 году“ дзеяслоў hallucinate у новым узначэньні — штучны інтэлект „галюцынуе“ і прадукуе фальшывую інфармацыю. Ангельскае „Слова 2023 году“ ў вэрсіі слоўніка Merriam-Webster — прыметнік authentic, які падкрэсьлена ўжывалі сёлета акурат як антонім штучнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік Merriam-Webster назваў ангельскае «Слова году – 2023» — authentic

Бліжэйшы людзям нашага рэгіёну выбар „Слова году“ франкамоўнай Швайцарыі: назоўнік décombres 'руіны' як лексычны вобраз году. Руіны гарадоў у выніку ваенных абстрэлаў і руіны сусьветнага парадку. Але на другім месцы ўсё тая ж intelligence artificielle.

І ў беларускую фінальную дзясятку трапіў тэрмін штучны інтэлект. Праўда, заняў толькі восьмае месца. Хоць беларусы ўжо прымусілі штучны інтэлект гаварыць па-беларуску, ствараць новыя словы і нават пісаць вершы. І пераканаліся, што ён вельмі хутка вучыцца; што ж, лепш мець такога монстра ў хаўрусьніках. Дарэчы, выраз пакуль ня мае агульнапрынятай абрэвіятуры — як фармальнай, так і гутарковай. Калі яна зьявіцца, то мае шанец стаць нэалягізмам году некалі ў будучыні.

„Слова году“ як люстэрка сьвядомасьці

Летась „Беларускім словам году“ без ваганьняў стала вайна. Але слова мова было ў фінале галасаваньня, прычым высока — на 4-м месцы. Сёлета яно стала першым. Праўда, не з абсалютнаю бальшынёю галасоў — 19%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае слова 2022 году — вайна

Праблему захаваньня ідэнтычнасьці, у тым ліку асабістага моўнага выбару, усьведамілі як жыцьцёва важную многія беларусы. Хто ведае, мо сёлета адбыўся пакуль непрыкметны пералом у масавай сьвядомасьці беларусаў, якіх так доўга і старанна пераконвалі — і камуністычны рэжым, і цяперашняя адміністрацыя — што ў Беларусі няма моўных праблемаў. Ёсьць. І гэтае ўсьведамленьне дае шанец на будучыню.

Пэўна, для многіх пад словам мова маецца на ўвазе менавіта беларуская мова (такое лексычнае спрашчэньне робяць людзі, якія вяртаюцца да беларускае мовы з расейскай прасторы). Невыпадкова сярод намінаваных былі словазлучэньні — наша мова, родная мова, беларуская мова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па-беларуску, а не „на мове“!

Дарэчы, слова мова ў значэньні lingua характэрна беларускае і ўкраінскае, у іншых славянскіх мовах у гэтым значэньні ўжываецца корань „язык“.

Łacinka

У слова-чэмпіёна нязначны — усяго 0,9% — адрыў ад наступнага слова-прэтэндэнта. Гэта лацінка. Прычым слова намінаваў сеткавы народ. А ў галасаваньні некаторых тэматычных моўных суполак лацінка / łacinka была на ўпэўненым першым месцы. Слова абазначае беларускі культурны фэномэн — няшмат эўрапейскіх моваў Эўропы маюць па дзьве графічныя сыстэмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны камітэт маёмасьці скасаваў беларускую лацінку ў трансьлітарацыі геаграфічных назваў

Несумненна, ідэалягічная атака ўладаў на лацінку ўва ўсіх яе праявах, вайна з трансьлітарацыяй геаграфічных назваў на аснове лацінкі паказала нават тым, хто раней пра гэта не задумваўся: беларуская лацінка — культурна-цывілізацыйная каштоўнасьць, несумяшчальная з „русским миром“.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Словы дня: biełaruskaja łacinka

Моўная фатаграфія году

На трэцім месцы слова пашпарт, якое стала вельмі актуальным сёлета для беларусаў і ў межах краіны, і ў дыяспары. Раптам высьветлілася, што, як бяспраўныя калгасьнікі ў сталінскія часы, многія рызыкуюць апынуцца бяз гэтага сьведчаньня прыналежнасьці да беларускага грамадзянства (зрэшты, як і без самога грамадзянства). Дый нават наяўны пашпарт перастае быць гарантыяй многіх правоў грамадзяніна.

Сярод словаў, якія намінавалі экспэрты і чытачы сацыяльных сетак, было маўчаньне. Былі пазычаньні дрон і маратон. Сярод намінаваных былі ня толькі назоўнікі, але і іншыя часьціны мовы, напрыклад пытальнае прыслоўе калі?; дзеясловы адбыў і выйшаў. Такая моўная фатаграфія беларускага 2023 году.

Даведка пра „Слова году“

„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню гэта зрабіла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хоць гэта пажадана), але яно мае быць частым і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць запытаў) або істотна памяняць значэньне.

„Беларускія словы году“

Упершыню „Беларускае слова году“ выбрала Беларуская служба Радыё Свабода ў 2014 годзе. Спачатку выбіралі некалькі запрошаных экспэртаў, потым экспэртная камісія складалася з журналістаў і мовазнаўцаў, а з 2017 году сьпіс для галасаваньня складаюць як экспэрты, так і чытачы сацыяльных сетак. Апошнія і галасуюць за найбольш папулярнае слова.

„Беларускімі словамі году“ былі:

2014 — вышымайка

2015 — набэлістка

2016 — беларусафоб

2017 — дармаед

2018 — БНР

2019 — Каліноўскі

2020 — Жыве!

2021 чабор

2022 — вайна

2023 — мова