Ціханоўская: «У 1920 годзе беларусы больш за месяц змагаліся за свабоду і права жыць у вольнай краіне»

Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская

На гадавіну Слуцкага паўстаньня беларуская палітык зьвярнулася да народу.

Прадстаўніца беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская назвала Слуцкае паўстаньне адной з найбольш гераічных падзей беларускай гісторыі. Пры гэтым падзеі Слуцкага збройнага чыну, як і частка беларускай гісторыі, працягваюць замоўчвацца, як і ў савецкія часы, або ад яе наагул адмаўляюцца.

«У 1920 годзе беларусы больш за месяц змагаліся за свабоду і права жыць у вольнай краіне. Ажно ў 15 валасьцях сяляне ды інтэлігенцыя стаялі плячо ў плячо і баранілі незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Яны імкнуліся захаваць нашу краіну непадзельнай і спыніць агрэсію з боку краіны-суседкі».

З таго часу пагроза для існаваньня Беларусі ня зьнікла, хоць савецкая імпэрыя, якая тады перамагла случакоў, развалілася.

«Сёньня Беларусі зноў пагражае паглынаньне. Як і 100 гадоў таму, Расея насаджае ўласныя ідэі і каштоўнасьці, каб зьнішчыць нашае права на самавызначэньне. Але мы ня маем права саступіць у гэтай барацьбе. Бо інакш зьнікне ня толькі наша краіна, але і наша ідэнтычнасьць. Беларусы, бараніце родную культуру, мову, гісторыю. Гэта і будзе нашым сучасным супрацівам імпэрскаму „русскому миру“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Калі і як БНР цэлы месяц вяла вайну супраць Савецкай Расеі
  • У лістападзе 1920 году тэрыторыя Случчыны апынулася па-за кантролем як польскіх войскаў, якія адышлі на захад, так і савецкіх, якія яшчэ на Случчыну не прыйшлі. У сярэдзіне лістапада ў Слуцку сабраўся зьезд Случчыны з удзелам 107 правадзейных дэлегатаў з усіх валасьцей і мястэчак рэгіёну. Зьезд выбраў Раду Случчыны, абвясьціў Случчыну тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі і заклікаў да ўзброенага змаганьня за незалежнасьць Беларусі.
  • Пачалася мабілізацыя. Усяго за некалькі дзён пад кіраўніцтвам прафэсійных вайскоўцаў-беларусаў была створаная рэгулярная вайсковая брыгада ў складзе двух палкоў — Першага Слуцкага і Другога Грозаўскага. Агульная колькасьць брыгады складала чатыры тысячы чалавек. 26 лістапада брыгада ўступіла ў першы бой з бальшавікамі.
  • Няроўнае змаганьне за Случчыну зь пераважнымі сіламі савецкай Расеі працягвалася крыху больш за месяц. У канцы сьнежня случакі перайшлі дэмаркацыйную лінію да палякаў і былі раззброеныя. Але ня ўсе. Некаторыя аддзелы як партызанскія атрады ваявалі з бальшавікамі ў БССР да сярэдзіны 20-х гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы — за Беларусь». Тры літаратурныя творы пра Слуцкае паўстаньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі людзей са зброяй у руках ваявалі за БНР. ВІДЭА