Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) Вадзім Богуш і начальнік Дэпартамэнту забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці (ДЗАВД) МУС Андрэй Паршын падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве, паведаміла 14 лістапада Міністэрства інфармацыі.
Прэс-служба ведамства адзначае, што «бакі дамовіліся аб сумеснай працы ў навукова-тэхнічнай сфэры і падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў». Падрабязнасьці не прыводзяцца.
Да красавіка 2022 году Паршын узначальваў у МУС Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) — структуру, вядомую палітычным перасьледам іншадумцаў. Пасьля гэтага яго перавялі ў Дэпартамэнт забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўнік ГУБАЗіК пракамэнтаваў інфармацыю пра сваю датычнасьць да страляніны ў менскім ЖК «Каскад»23 чэрвеня 2022 году ў сталічным жылым комплексе «Каскад» у Фрунзэнскім раёне адбылася бойка з удзелам некалькіх чалавек, якая, як паведамлялі незалежныя СМІ, завяршылася стралянінай. Паводле відавочцаў, да інцыдэнту меў дачыненьне Андрэй Паршын. Ён спрабаваў разагнаць кампанію зь пяці падлеткаў, якія сядзелі каля пад’езда ягонага дому.
Пазьней праўладныя тэлеграм-каналы пацьвердзілі дачыненьне Паршына да інцыдэнту. Сьцьвярджалася, што ён стрэліў з траўматычнага пісталета ў «маладога чалавека Яўгена Ўладзімеравіча Д.», які напаў на яго і «выглядаў старэйшым за свае гады».
Пра пачатак якога-небудзь расьсьледаваньня па факце страляніны ў жылым комплексе не паведамлялася. Пазьней з бацькамі падлетка запісалі «пакаяннае відэа», у якім яны ўсклалі адказнасьць за інцыдэнт на сына, ухвалілі прымяненьне Паршыным зброі і выбачыліся перад ім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька 16-гадовага падлетка, у якога страляў экс-начальнік ГУБАЗіКа, папрасіў прабачэньня ў сілавіка за сына