Запамінальная і ў чымсьці афарыстычная фраза пра «ліміты» так падабаецца аўтарытарным лідэрам, таму што гучыць як самазаспакаяльная мантра, як галоўная мэта для іх — тых, хто ня бачыць сябе ў іншай палітычнай ролі, апроч як у крэсьле пажыцьцёвых валадароў. Далёкія грымоты будучых узрушэньняў і зрынаньняў дыктатур не даюць спакою ні аднаму, ні другому.
«Даю вам цьвёрдую гарантыю...»
Пра «вычарпаны ліміт рэвалюцый» Лукашэнка ўпершыню загаварыў яшчэ ў студзені 2005 году, пад уплывам першага ўкраінскага Майдана («аранжавай рэвалюцыі»):
«У Беларусі ня будзе ніякіх рэвалюцый — ні ружовых, ні бананавых, ні аранжавых... Ліміт войнаў і рэвалюцый яшчэ жывыя пакаленьні нашай дзяржавы для сябе вычарпалі».
Падобнае сьцьвярджэньне ён паўтарыў у студзені 2011-га:
«Даю вам цьвёрдую гарантыю: ліміт рэвалюцый і ўзрушэньняў у Беларусі вычарпаны. „Майданы“ і „Плошчы“ нашаму грамадзтву не пагражаюць. Бясьпеку і стабільнасьць беларускага дома мы ўберажом ад любых падкопаў звонку і знутры... Вірус „каляровых рэвалюцый“ паражае толькі слабыя краіны, чый дзяржаўны арганізм аслаблены эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі, а ўлада знаходзіцца ў канфрантацыі з насельніцтвам... У Беларусі для яго няма спрыяльнай глебы».
У чэрвені 2020-га, калі да беларускай рэвалюцыі заставалася паўтара месяца, Лукашэнка запэўніваў:
«Улада будзе рабіць усё, каб не дапусьціць у краіне майданаў, а рэвалюцый у Беларусі быць ня можа... Ліміт рэвалюцый у краіне вычарпалі. Больш за тое, у нас няма рэвалюцыянэраў, а вось майданутых у нас хапае».
Яшчэ праз два гады, у верасьні 2022-га, калі ў краіне ўжо лютавала пасьлярэвалюцыйная рэакцыя, а рэжым стаў саўдзельнікам у агрэсіўнай вайне Пуціна супраць Украіны, Лукашэнка зноў нагадаў пра «ліміт войнаў і рэвалюцый»:
«Нам, беларусам, вайна не патрэбна. Занадта многа мы пацярпелі за сваю шматвяковую гісторыю. Дастаткова напакутаваліся. Ліміт войнаў і рэвалюцый вычарпаны».
Адметна, што на пачатку 20-х гадоў пра «ліміт рэвалюцый» загаварыў і Пуцін — ці то паўтараючы Лукашэнку, ці то самастойна прыйшоўшы да такой высновы пасьля двух дзесяцігодзьдзяў пры ўладзе. Вось што ён казаў, напрыклад, 20 жніўня 2021 году:
«Мы зробім усё дзеля таго, каб сытуацыя ў Расеі была стабільнай, прагназаванай. Свой ліміт на рэвалюцыі Расея вычарпала яшчэ ў XX стагодзьдзі, мы рэвалюцый больш ня хочам, хочам эвалюцыйнага разьвіцьця нашага грамадзтва і дзяржавы».
Прыблізна гэтыя ж словы ён паўтарыў у кастрычніку 2021-га, выступаючы на Энэргетычным форуме, і ў ліпені 2023-га на форуме «Расея — краіна магчымасьцяў»:
«З нашай краіны досыць рэвалюцый. Ліміт на рэвалюцыі ў нас ужо ў мінулым стагодзьдзі вычарпаны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнесеныя ветрам гісторыі. Дзе знаходзяць прытулак зрынутыя дыктатары«Бывае, што дзяржаўная неабходнасьць вышэйшая за права...»
Лукашэнка ня першы з валадароў, каму стала «не да законаў» падчас здушэньня рэвалюцыйных настрояў у грамадзтве і помсты ўдзельнікам антыўрадавых пратэстаў. Нешта падобнае да таго, што перажывае сёньня беларускае грамадзтва, адбывалася больш як сто год таму ў Расейскай імпэрыі, пасьля здушэньня рэвалюцыі 1905 году. Тагачасны кіраўнік царскага ўраду Пётар Сталыпін, выступаючы 13 сакавіка 1907 году перад дэпутатамі Думы, так абгрунтоўваў неабходнасьць палітычных рэпрэсій:
«Бываюць, панове, фатальныя моманты ў жыцьці дзяржавы, калі дзяржаўная неабходнасьць стаіць вышэй за права і калі належыць выбіраць паміж цэласьцю тэорый і цэласьцю Айчыны».
Гаворка ішла пра стварэньне ў Расеі «ваенна-палявых судоў» — жорсткага карнага органа супраць удзельнікаў рэвалюцыі, у якіх апошнія фактычна былі пазбаўленыя ўсіх правоў, у тым ліку права на абарону. Пад суд аддавалі на працягу 24 гадзін пасьля зьдзяйсьненьня «злачынства». Разбор справы мог працягвацца не даўжэй за два дні. Вырак (вельмі часта — сьмяротная кара праз павешаньне) выконваўся цягам наступных 24 гадзін.
За 8 месяцаў свайго існаваньня ваенна-палявыя суды вынесьлі 1102 сьмяротныя прысуды. А ўсяго за 1906–1911 гады за «палітычныя злачынствы» сьмяротную кару прысудзілі 5735 асобам. На катаргу выслалі 66 000 «палітычных».
Рэвалюцыю ў літаральным сэнсе патапілі ў крыві. І для тагачаснай Расеі гэта выглядала беспрэцэдэнтна: за папярэднія 80 гадоў (1825–1905) у імпэрыі за палітычныя справы было вынесена толькі 625 сьмяротных прысудаў, прыведзена ў выкананьне — 191. Сталыпін у гэтай справе за некалькі гадоў пераўзышоў усіх сваіх папярэднікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забытыя ахвяры. Што здараецца, калі тэрор становіцца часткай дзяржаўнай ідэалёгіі«Не магу маўчаць!»
Сталыпін дамогся галоўнага, да чаго імкнулася тагачасная кіроўная кляса: самадзяржаўны рэжым застаўся непарушным, насьпелыя палітычныя рэформы, якіх патрабавала грамадзтва, былі замаруджаныя, згорнутыя альбо адкладзеныя на будучыню. У чымсьці тая грамадзкая атмасфэра ў пасьлярэвалюцыйнай Расеі нагадвала цяперашнюю — у Беларусі і Расеі: рэпрэсіі, палітычная эміграцыя, жорсткі перасьлед за «вальнадумства». Праўда, свабоды ў тагачаснай Расейскай імпэрыі, нягледзячы на жорсткую рэакцыю, заставалася ўсё ж непараўнальна больш, чым маюць сёньня беларусы і расейцы. Прынамсі, Льву Талстому, каб напісаць і выдаць у 1908 годзе свой славуты выкрывальніцкі артыкул «Не магу маўчаць!», ня трэба было ўцякаць за мяжу. А тагачасныя назіраньні і высновы расейскага клясыка пра тое, да чаго прыводзяць дазволеныя рэжымам гвалт і жорсткасьць, гучаць надзвычай актуальна:
«Найбольш жахліва ва ўсім гэтым тое, што ўсе гэтыя бесчалавечныя гвалт і забойствы, акрамя таго прамога зла, якія яны прычыняюць ахвярам гвалту і іхным сем’ям, прычыняюць яшчэ большае, вялізарнае зло ўсяму народу, разносячы і хутка распаўсюджваючы, як пажар па сухой саломе, разбэшчваньне ўсіх саслоўяў рускага народу. Распаўсюджваецца ж гэтае разбэшчваньне асабліва хутка сярод простага, працоўнага люду таму, што ўсе гэтыя злачынствы, якія ў сотні разоў перавышаюць усё тое, што рабілася і робіцца простымі зладзеямі і разбойнікамі і ўсімі рэвалюцыянэрамі разам, учыняюцца пад выглядам чагосьці патрэбнага, добрага, неабходнага, якое ня толькі апраўдваецца, але і падтрымліваецца рознымі, неаддзельнымі ў паняцьцях народу ад справядлівасьці і нават сьвятасьці ўстановамі: сэнат, сынод, дума, царква, цар».
Варта заўважыць, што раней Льва Талстога і сям’ю Сталыпіных зьвязвалі сяброўскія адносіны: адзін час пісьменьнік быў на «ты» з бацькам будучага расейскага прэм’ера. Рэзкі пратэст Талстога супраць сталыпінскай рэакцыі падтрымалі тады многія вядомыя ў Расеі творчыя асобы — Аляксандар Блок, Ільля Рэпін, Леанід Андрэеў...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымая ў Беларусі пасьля сыходу Лукашэнкі новая рэвалюцыя? Дыскусія Котава і МацукевічаБронзавы Ленін і бронзавы Сталыпін на адной плошчы ў Горадні
Фраза пра «вычарпаны ліміт рэвалюцый», якую так упадабалі Лукашэнка і Пуцін, перагукаецца з славутым выслоўем Сталыпіна: «Ім патрэбны вялікія ўзрушэньні — нам патрэбна вялікая Расея». Словы гэтыя былі прамоўлены прэм’ерам Сталыпіным з трыбуны Дзярждумы 10 траўня 1907 году — як адказ усім праціўнікам самадзяржаўнай Расеі, удзельнікам рэвалюцыі, якую царскі ўрад здушыў самым жорсткім чынам.
Уладзімір Ленін у сваім артыкуле «Сталыпін і рэвалюцыя» (1911 г.) пісаў пра яго як пра «обэр-вешальніка, пагромшчыка, які падрыхтаваў сябе да міністэрскай дзейнасьці катаваньнем сялян, наладжваньнем пагромаў, умельствам прыкрываць гэтую азіяцкую „практыку“ — лоскам і фразай». За савецкім часам менавіта гэтая характарыстыка Сталыпіна вандравала з падручніка ў падручнік: і ў Магілёўскім пэдынстытуце, і ў Ленінградзкім унівэрсытэце студэнты Лукашэнка і Пуцін на лекцыях гісторыі КПСС канспэктавалі менавіта гэты ленінскі артыкул, а не прыдуманыя Сталыпіным лёзунгі (апроч фразы пра «вялікую Расею», шырока вядомыя таксама выслоўі «Не запалохаеце!» і «Спачатку супакаеньне, потым рэформы»). Дарэчы, пра самога Сталыпіна іншыя людзі прыдумалі іншыя крылатыя выслоўі: «хуткастрэльная юстыцыя», «сталыпінская рэакцыя», «сталыпінскі гальштук» (у значэньні «пятля шыбеніцы») — і менавіта яны фігуравалі ў савецкіх падручніках гісторыі.
У пуцінскай Расеі асоба Пятра Сталыпіна лічыцца ўвасабленьнем дзяржаўнай мудрасьці, разумнага рэфарматарства і расейскага патрыятызму. Ён здушыў рэвалюцыю, распачаў аграрную рэформу і разгарнуў актыўную русыфікацыю Фінляндыі. Пры Пуціну ў дзясятках расейскіх гарадоў былі ўсталяваныя шматлікія помнікі, бюсты, мэмарыяльныя шыльды ў гонар Сталыпіна, ягоным імем названыя вуліцы, плошчы, унівэрсытэты. Гэтая хваля, дарэчы, дайшла і да Беларусі: у 2011 годзе мэмарыяльную шыльду Сталыпіну зь ягоным барэльефам усталявалі ў Горадні на будынку былога палаца віцэ-губэрнатара (Сталыпін каля году ўзначальваў Горадзенскую губэрню — у 1902–1903 гг.). Запомніўся ў Горадні, сярод іншага, тым, што на другі дзень службы загадаў закрыць Польскі клюб — на той падставе, што там нібыта пануюць «паўстанцкія настроі»).
Сёньня бронзавы Ленін і бронзавы Сталыпін месьцяцца на адной і той жа горадзенскай плошчы і, здаецца, нават пазіраюць адзін на аднаго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым завяршаліся для Беларусі мяцяжы ў Расеі«Шчасьлівы памерці за цара»
І Лукашэнка, і Пуцін выкарыстоўваюць сталыпінскія мэтады здушэньня грамадзкіх пратэстаў, аснова якіх — жорсткія палітычныя рэпрэсіі. У 1906–1907 гадах гэтыя мэтады нібыта прынесьлі плён: рэвалюцыя была жорстка здушана, самадзяржаўны рэжым атрымаў яшчэ адно дзесяцігодзьдзе параўнальна спакойнага існаваньня. Але ў рэальнасьці нявырашаныя супярэчнасьці нікуды не падзеліся. Наглуха зачынены з дапамогай гвалту кацёл грамадзкага незадавальненьня працягваў кіпець і бурліць, хоць звонку гэта было ня надта заўважна. Ягоная энэргія выбухне ў 1917-м — ды так, што не застанецца каменя на камені спачатку ад самадзяржаўя, а потым і ад самой імпэрыі.
Але сам Пётр Сталыпін гэтага ўжо ня ўбачыць. Ягоная жорсткасьць у дачыненьні да рэвалюцыянэраў спарадзіла адпаведны адказ. З 1905 па 1911 год на жыцьцё Сталыпіна было зроблена 11 замахаў. Апошні — 1 верасьня 1911 году — дасягнуў мэты. У гэты дзень прэм’ер-міністар суправаджаў імпэратара Мікалая ІІ: наведвалі Кіеўскі гарадзкі тэатар, спэктакль «Казка пра цара Салтана». Забойца Дзьмітрый Багроў, які ўвайшоў у тэатар па пропуску, выдадзенаму начальнікам Кіеўскага ахраннага аддзяленьня, падчас антракту падышоў да Сталыпіна і двойчы стрэліў з рэвальвэра. Першая куля трапіла ў руку, другая — у жывот. Пасьля раненьня Сталыпін цяжка апусьціўся ў крэсла, прамовіўшы: «Шчасьлівы памерці за цара».
Сталыпіна пахавалі ў Кіева-Пячорскай лаўры. Праз два гады пасьля сьмерці, у 1913 годзе, у цэнтры Кіева, на Храшчаціку, усталявалі велічны помнік з выбітым на граніце крылатым выразам пра «вялікія ўзрушэньні» і «вялікую Расею». Але прастаяў манумэнт нядоўга. Прычым і ў Кіеве, і ў іншых гарадах імпэрыі, дзе паўсталі помнікі Сталыпіну, іх пазносілі яшчэ да бальшавіцкай рэвалюцыі — у сакавіку 1917-га, калі было зрынута самадзяржаўе. Настолькі вялікімі былі нянавісьць і пачуцьцё помсты з боку тых, хто пацярпеў ад сталыпінскіх палітычных рэпрэсій і ў тыя першыя тыдні пасьля лютаўскай рэвалюцыі выйшаў з царскіх турмаў.
Сьвята рэвалюцыі
Парадокс сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці: пры ўсёй нянавісьці Лукашэнкі да любых рэвалюцыйных рухаў і зьменаў сымбалі рэвалюцыі на вуліцах гарадоў і пасёлкаў — на кожным кроку: у статуях Леніна ды іншых расейскіх рэвалюцыянэраў пачатку мінулага стагодзьдзя, у назвах вуліц і плошчаў, у іншай камуністычнай сымболіцы. У свой час у сярэдзіне 90-х гадоў на хвалі грамадзкай настальгіі па савецкіх часах менавіта з ініцыятывы Лукашэнкі дзень кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году быў вернуты ў каляндар дзяржаўных сьвятаў Беларусі.
Праўда, у апошнія гады Лукашэнка намагаецца адмовіцца ад рэвалюцыйнага зьместу гэтай даты і напоўніць яе іншым сэнсам: у сваіх віншаваньнях ня згадвае пра прычыны і наступствы бальшавіцкага перавароту, а спрабуе абвясьціць гэты дзень сьвятам «працоўных падарункаў і новабудоўляў». Атрымліваецца ня вельмі. Дата 7 лістапада міжволі нагадвае грамадзянам пра рэвалюцыю — пра тое, што здараецца з краінай, калі рэжым ігнаруе імкненьне народу да свабоды і спрабуе насуперак законам гісторыі закансэрваваць сваё панаваньне. І ніякіх лімітаў на рэвалюцыі ніводнаму дыктатару ў гісторыі ўсталяваць яшчэ не ўдавалася.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паехаць у Маскву і вярнуцца ў труне. Чаму дыктатару варта паміраць не за мяжой, а на радзіме ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка так ня любіць БНР? Тлумачэньне гісторыка і палітоляга