16 верасьня ў прэстыжным лёнданскім тэатры «Барбікан» адбываецца сусьветная прэм’ера спэктакля Беларускага свабоднага тэатру «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле аднайменнага раману Ўладзімера Караткевіча.
У 20:40 паводле менскага часу можна паглядзець жывую трансьляцыю спэктакля на тэлеканале «Белсат».
Згодна з ліцэнзійнымі патрабаваньнямі, трансьляцыя на YouTube дасяжная выключна на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Грузіі, Армэніі, Расеі, Азэрбайджану, Казахстану, Кіргізстану, Малдовы, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану, паведамляе тэлеканал.
- Кампазытарка — Вольга Падгайская, дырыгент — Віталь Алексяёнак, аўтар лібрэта — Андрэй Хадановіч, рэжысэры — Натальля Каляда і Мікалай Халезін.
- У опэры граюць акторы, опэрныя выканаўцы і музыканты зь Беларусі і Ўкраіны, а сама пастаноўка будзе ісьці на беларускай мове з ангельскімі субтытрамі.
- Актрыса і пасол добрай волі UNHCR, агенцтва ААН па справах уцекачоў, Кейт Бланшэт далучылася 15 верасьня да панэльнай дыскусіі Беларускага свабоднага тэатру пра ўплыў вайны і дыктатуры на дзяцей Украіны і Беларусі — «Лісты надзеі».
- Culture Whisper унёс опэру «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў сьпіс найлепшых спэктакляў верасьня 2023 году ў Лёндане.
- У чэрвені 2023 году заснавальнікі беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін і Натальля Каляда атрымалі ўзнагароды караля Вялікай Брытаніі. Ім далі званьні членаў Ордэна Брытанскай імпэрыі (MBE) за заслугі перад тэатрам.