Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) пачалі пошук доказаў аб наўмысным зьнішчэньні ўласьніка расейскай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына, хоць і не выключаюць, што адпаведны загад мог аддаць прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
«Магчыма, Пуцін пэўны час меў намер пакараць Прыгожына і зьбіты самалёт Прыгожына 23 жніўня быў выпадковасьцю, хоць гэта малаімаверна», — адзначаецца ў справаздачы ISW ад 23 жніўня.
Экспэрты дапускаюць, што Яўгеній Прыгожын перайшоў «чырвоныя лініі», якія былі вызначаныя ў межах дамоўленасьцяў з Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам пасьля мяцяжу 24 чэрвеня. Паводле іх, такімі «чырвонымі лініямі» маглі быць вяртаньне ў інфармацыйную прастору ПВК і ўласна самога Прыгожына і аднаўленьне дзейнасьці па наборы новых наймітаў, каб захаваць прысутнасьць групоўкі ў Афрыцы.
«Магчыма, Пуцін вырашыў, што Прыгожын парушыў дастатковую частку або ўсе дамоўленасьці», — мяркуюць экспэрты.
У справаздачы ISW адзначаецца, што загад на зьнішчэньне Прыгожына можа быць спробай аднавіць дамінаваньне Крамля і «дакладнай помстай за прыніжэньне Пуціна і Міністэрства абароны Расеі ў часе ўзброенага мяцяжу вагнэраўцаў 24 чэрвеня».
«Будучыня ПВК „Вагнэр“ без кіраўніка застаецца няпэўнай. Прыгожын і Уткін, бясспрэчна, былі асобамі ПВК, і іхнае забойства драматычна паўплывае на камандную структуру і брэнд „Вагнэр“. Камандзіры і байцы ПВК могуць пачаць баяцца за сваё жыцьцё або дэмаралізавацца. Умяшаньне Мінабароны і Крамля ў апэрацыі вагнэрацаў і адсутнасьць Прыгожына, які б змагаўся за новыя магчымасьці для ПВК, можа яшчэ больш прывесьці да дэградацыі групоўкі», — адзначаюць экспэрты ISW.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі будуць наступствы меркаванай гібелі Прыгожына для Беларусі? Тлумачыць палітоляг Аляксандар Марозаў- ПВК «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не знаходзіцца ў прамым падпарадкаваньні Мінабароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць ці бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Яўгеній Прыгожын неаднаразова публічна крытыкаваў Міністэрства абароны Расеі і асабіста Сяргея Шайгу, у тым ліку за адмову выдаваць боепрыпасы.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
- Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне». «Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.
- 23 жніўня расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці.
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.