Расейскі айцішнік, які зьехаў у Эўропу, стварыў парадыйную мабільную праграму «Мой данос». За некалькі месяцаў ёю скарысталіся больш за пяць тысяч чалавек, частка зь іх пісала рэальныя даносы, высьветліла выданьне «Можем объяснить» пасьля вывучэньня базы даносаў.
Базу даных журналістам прадставіў распрацоўшчык праграмы Ўладзімір [выданьне зьмяніла ягонае імя зь меркаваньняў бясьпекі]. Упершыню ён стварыў такі сэрвіс у 2018 годзе, але потым выдаліў яго. 15 студзеня 2023 году ён паўторна разьмясьціў мабільную праграму ў Google Play. З часам, як заўважыў ён, пачалі прыходзіць ня толькі жартоўныя, але і рэальныя даносы.
Аналіз дадзеных паказаў, што «большасьць даносаў жартоўныя або асуджаюць стваральнікаў і сам інстытут даносаў».
«50% даносаў былі напісаныя на суседзяў і знаёмых. 20% утрымлівалі падрабязнае апісаньне правінаў „парушальнікаў“, з указаньнем асабістых дадзеных і старонак у сацыяльных сетках», — адзначае выданьне «Можем объяснить».
Большасьць даносаў, якія ўтрымлівалі падрабязную інфармацыю і асабістыя дадзеныя чалавека, як адзначаецца, маглі б стаць падставай для завядзеньня спраў паводле артыкулаў аб «фэйках» і «дыскрэдытацыі» расейскай арміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даносы былі і ёсьць, але цяпер гэта татальная зьява». Чаму на выставе ў Менску мастакам прапанавалі зьмяніць прозьвішчыЧастка даносаў утрымлівала інфармацыю пра мужчын, якія хаваюцца ад мабілізацыі, з указаньнем іх сацыяльных сетак і адрасоў. Так, напрыклад, адна з карыстальніц праграмы напісала данос на свайго знаёмага. Яна прасіла адправіць яго на вайну ва Ўкраіну: «Прашу адправіць Аляксея на службу ў СВА. Былі спробы даслаць дзьве позвы, і ён іх ігнараваў. Рэкамэндую даслаць яму электронную позву празь дзяржаўныя паслугі. Гэты чалавек мае баявы досьвед у Чачні».
«Такі малады, а ўжо супраць палітыкі Пуціна, заклікае ўсіх расейцаў скласьці зброю ва Ўкраіне і ісьці ў палон! Куды вы гледзіце? Чаму гэтыя ўблюдкі ходзяць па нашай зямлі, адпраўляйце іх на СВА! Няхай там іх навучаць Радзіму любіць», — напісаў яшчэ адзін ананімны карыстальнік.
Журналісты, якія вывучалі паведамленьні ў гэтай праграме, адзначаюць, што некаторыя даносы напісаныя так, што не адразу зразумела, ці піша аўтар сур’езна, ці жартуе.