Беларуская рада культуры паведаміла, што за паўгода ў межах праекту «Беларускія магістраты» сабралі больш за 20 тысяч эўра, неабходныя для аднаўленьня ў Польшчы дзейнасьці выдавецтва Андрэя Янушкевіча.
Згодна з інфармацыяй, на сабраныя сродкі выдалі 13 кніг, наладзілі рэгулярнае прадстаўніцтва беларускай кнігі на польскіх кніжных кірмашах, стварылі сайт, які хутка будзе запушчаны, распрацоўваюцца некалькі важных кніжных сэрый.
«Самая гучная зь іх — дамова са Стывэнам Кінгам пра выданьне ягоных кніг па-беларуску. Таксама адноўленыя дамовы па працягу сэрый пра Гары Потэра і Ведзьмара, плянуецца выданьне „Валадара Пярсьцёнкаў“. Будуць сёлета і цікавыя кнігі ад беларускіх аўтараў», — адзначаецца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хэлоў, Стывэн!» Янушкевіч расказаў, як вёў перамовы са Стывэнам Кінгам, чаму выбраў яго і як яму дапамог «Магістрат „Кнігаўка“»10 студзеня 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі і права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь.
У сакавіку 2022 году выдаўцоў пазбавілі арандаванага офісу, у траўні таго ж году сілавікі прыйшлі зь ператрусам у іхную кнігарню «Кнігаўка». Тады канфіскавалі 200 кніг, 15 найменьняў адправілі на экспэртызу на наяўнасьць у іх «прыкмет экстрэмізму». Дырэктара выдавецтва Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу крамы Насту Карнацкую арыштавалі на 28 і 23 дні адпаведна.
Пасьля вызваленьня Андрэй Янушкевіч вымушана зьехаў зь Беларусі ў Польшчу, дзе аднаўляе дзейнасьць свайго выдавецтва.
Грошы зьбіралі ў межах праекту «Кнігаўка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё выдавецтваў, прызнаньне кніг экстрэмісцкімі, рэлякацыя — дасьледчыкі распыталі незалежных беларускіх кнігавыдаўцоў аб іх працы