Ініцыятыва «Кібэрпартызаны» заявіла, што пачала працу над атакай на Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт пасьля выхаду «пакаяльнага відэа» са студэнтам, якое зьнялі на юрыдычным факультэце БДУ.
«Спатрэбіўся час, каб укараніцца ў сетку і надзейна там замацавацца. Цяпер ад наступстваў кібэратакі БДУ не адновіцца яшчэ доўга», — заявілі ў арганізацыі.
Як сьцьвярджаюць «Кібэрпартызаны», у выніку атакі яны зашыфравалі працоўныя станцыі, выпампавалі больш за 3 тэрабайты дадзеных, выдалілі базы супрацоўнікаў, студэнтаў, абітурыентаў, а таксама зачысьцілі ўсю бухгальтэрыю, воблачныя сэрвісы, пошты, файлаабменьнікі і зьнішчылі бэкапы.
Цяпер сайт bsu.by недаступны.
«Нашае пасланьне для ўсіх арганізацый і структур Беларусі: дзейнічаеце як карнікі — значыць, атрымліваеце як карнікі», — адзначылі «Кібэрпартызаны».
Таксама яны заявілі, што гатовыя адправіць адміністратарам БДУ 3 тэрабайты зьвестак, якія ў іх выпампавалі, «у абмен на вызваленьне 50 палітвязьняў».
Рэакцыя БДУ
БДУ адмаўляе, што іх сыстэмы ўзламалі «Кібэрпартызаны». Аднак у паведамленьні прэс-службы адмаўляецца DDoS-атака, а ня ўзлом, пра які паведамілі «Кібэрпартызаны».
«Інфармацыя пра DDoS-атаку на БДУ, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, зьяўляецца недакладнай. Ва ўнівэрсытэце адбыўся тэхнічны збой функцыянаваньня сыстэмы апрацоўкі дадзеных у выніку абнаўленьня сыстэмы з сэрвэраў Microsoft.
Распаўсюджаныя скрыны і фота зьяўляюцца няпэўнымі, сфальшаванымі і прайшлі апрацоўку ў графічных рэдактарах.
IT-спэцыялісты ўнівэрсытэту актыўна працуюць над ліквідацыяй тэхнічнага збою», — сьцьвярджае прэсавая служба БДУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кібэрпартызаны: Супраць расейскіх ботаў дапамагае беларуская мова- «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная група ананімных хакераў-актывістаў, якая зьявілася ў верасьні 2020 году. Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы беларускіх дзяржаўных установаў і сілавых структураў, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньню ў адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі. Група пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Сваю дзейнасьць яны называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.
- «Кібэрпартызаны» актыўна дапамагаюць аб’яднаньню беларускіх сілавікоў ByРol у правядзеньні расьсьледаваньняў.
- Таксама «Кібэрпартызаны» дапамагаюць палку імя Кастуся Каліноўскага ва Ўкраіне спраўджваць новых добраахвотнікаў.