Перанос баявых дзеяньняў у Беларусь, закрыцьцё мяжы, новыя санкцыі. Аналітыкі — пра магчымыя наступствы ўдзелу Лукашэнкі ў расейскім крызісе

Яўгеній Прыгожын, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Яўгеній Прыгожын, Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Магчымыя новыя атакі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі; фармат сяброўскага прытулку для Прыгожына; гарантыі Лукашэнкі ўсё менш важкія — аналітыкі разважаюць, што азначае для Беларусі ўдзел Лукашэнкі ў расейскай сытуацыі зь «мяцяжом» і магчымы прыезд Прыгожына.

Роза Турарбекава: Гарантыі бясьпекі для Прыгожына, дадзеныя Лукашэнкам, усё менш важаць

Роза Турарбекава, палітоляг і гісторык, мае шмат пытаньняў наконт удзелу Лукашэнкі ў дамоўленасьці паміж Пуціным і Прыгожыным.

Роза Турарбекава

Роза Турарбекава

— Ці сапраўды гэта дамоўленасьць? Мы бачым па апошняй інфармацыі, што ФСБ не спыняе крымінальную справу супраць Прыгожына. Растыражаваны пункт гледжаньня адносна таго, што суб’ектнасьць Лукашэнкі ў сувязі зь яго мэдыятарскай роляй павялічваецца, застаецца таксама пад пытаньнем. На той момант, калі дамоўленасьць была дасягнутая, гэта разглядалася як пэўнае дасягненьне. Яно і цяпер актыўна тыражуецца і нясе моцны прапагандысцкі эфэкт у першую чаргу.

Што будзе насамрэч — іншае пытаньне. Па-першае, гарантыі Лукашэнкі не зьяўляюцца такімі, пра што сьведчыць заява ФСБ. Па-другое, дзе Прыгожын і што будзе далей, таксама няясна. Што значыць — на тэрыторыю Беларусі ён перамяшчаецца? Адзін ці са сваімі баевікамі? У якой колькасьці баевікамі, і, што самае важнае, ці ўзброенымі яны перасякуць мяжу зь Беларусьсю, ці будуць іх упускаць у тым выглядзе, як мы іх бачылі ў Растове? Калі гэта так, то гэта сурʼёзны выклік і пагроза для Беларусі.

Але мне падаецца, гаворка ішла не пра гэта. Яшчэ мае сэнс абмеркаваць, у чым заключаюцца гарантыі Лукашэнкі — у асабістай бясьпецы, у тым, што крымінальную справу спыняць, ці ў тым, што Беларусь стане калідорам для перакіданьня Прыгожына разам зь яго баевікамі кудысьці? На жаль, на сёньня пытаньняў значна больш, чым адказаў. З майго пункту гледжаньня, гарантыі бясьпекі для Прыгожына, дадзеныя Лукашэнкам, усё менш і менш важаць і значаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я называю яго Жэня». Гісторыя знаёмства Лукашэнкі і Прыгожына

Леся Руднік: Можа быць сцэнар, зьвязаны з унутрыпалітычнымі перастаноўкамі ў Расеі ці пераглядам вайсковай вэртыкалі ўнутры Беларусі

Леся Руднік, дырэктарка Цэнтру новых ідэй, перакананая, што пакуль рана рабіць высновы наконт таго, калі Прыгожын даедзе да Беларусі і ці даедзе ўвогуле.

Леся Руднік

— Мне падаецца, што чакаць Прыгожына сёньня ці заўтра на тэрыторыі Беларусі ня варта. Гэта прадмет для спэкуляцый. Розныя бакі спрабуюць прадказаць, што будзе, калі ён даедзе. На Радыё Свабода быў матэрыял пра тое, што Прыгожын і Лукашэнка даўно знаёмыя. У гэтым выпадку можна гаварыць пра тое, што гэта можа быць фармат сяброўскага прытулку для Прыгожына, забесьпячэньне яго камфорту, а таксама забесьпячэньне камфорту самога Пуціна.

Украінскія СМІ абмяркоўваюць ідэю, што калі Прыгожын прыедзе з усімі 25 тысячамі байцоў на тэрыторыю Беларусі, можна будзе пабачыць новыя атакі з тэрыторыі Беларусі, асабліва калі гэта будзе фармальна перарэгістрацыя «Вагнэра» на тэрыторыі Беларусі. Вэрсіі ёсьць розныя. Я прапаную зараз проста сачыць за сытуацыяй, каб мы не апынуліся ў сытуацыі як пару дзён таму, калі спэкулюем наконт таго, што будзе, калі Прыгожын нарэшце дойдзе да Масквы.

А ў выніку бываюць непрадказальныя рэчы, таму лепей уважліва глядзець на ўсе сыгналы, на тое, дзе цяпер Прыгожын, дзе цяпер рэшта «Вагнэра». Калі яны будуць перамяшчацца разам зь ім у Беларусь, то трэба больш уважліва прыглядацца і ўжо адтуль маляваць розныя сцэнары, засьцерагацца ці супакойвацца. Мы разумеем, што адзін Прыгожын без астатніх 25 тысяч — гэта ня тое самае што цэлая армія баевікоў на тэрыторыі Беларусі. Можа быць увогуле трэці сцэнар, пра які мы з вамі нават ня думаем. Ён можа быць зьвязаны з унутрыпалітычнымі перастаноўкамі ў Расеі ці нават пераглядам вайсковай вэртыкалі ўнутры Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выдыхнула нават не краіна, а цэлы сьвет». Як дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі пракамэнтавалі размовы Лукашэнкі з Прыгожыным

Аляксандар Класкоўскі: Для Беларусі і, дарэчы, Лукашэнкі гэты сюжэт нічога добрага не абяцае

Палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандар Класкоўскі падкрэсьлівае, што пакуль яшчэ невядома, ці прыедзе Прыгожын у Беларусь.

Аляксандар Класкоўскі

— У кожным разе відавочна, што Крэмль выкарыстоўвае тут Лукашэнку, што ня ён галоўная фігура ў гэтым сюжэце. Ён хутчэй тэхнічную ролю выконвае, хоць піярыцца, канечне, па поўнай праграме, прапаганда яго шчыруе ў гэтым пляне. Пакуль пытаньне, ці будзе прыезд Прыгожына ў Беларусь. Калі прыедзе, то хутчэй гэта для яго толькі часовы варыянт выйсьця з сытуацыі, а далей ён можа гайсануць у Афрыку, напрыклад, дзе ў яго бізнэс-інтарэсы і вялікая частка наймітаў.

Але для Беларусі і, дарэчы, Лукашэнкі гэты сюжэт нічога добрага не абяцае. Так, Лукашэнка атрымлівае нейкі невялікі піяраўскі выйгрыш, тактычны выйгрыш. І прыніжаны Пуцін пастараецца адыграцца і паказаць, хто гаспадар, а хто васал. І калі Прыгожын зьявіцца сапраўды ў Беларусі, то двум мядзьведзям у гэтай бярлозе будзе напэўна цесна. Прыгожын непрадказальны, імпульсіўны, у яго свае бізнэс-інтарэсы, і ці знойдзе ён паразуменьне з Лукашэнкам, сказаць цяжка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская адрэагавала на абвяшчэньне прыезду Прыгожына ў Беларусь: «Яшчэ адзін элемэнт нестабільнасьці»

Аляксандар Фрыдман: Калі вагнэраўцаў будуць выкарыстоўваць супраць Украіны, можа быць і перанос баявых дзеяньняў на тэрыторыю Беларусі

Гісторык і палітычны камэнтатар Аляксандар Фрыдман падкрэсьлівае, што наступствы для Лукашэнкі і для Беларусі могуць быць розныя.

Аляксандар Фрыдман

— Для Лукашэнкі наступствы пакуль цалкам прыемныя, бо гэта дало дадатковую вагу для яго пэрсоны, міжнародную вагу. Шмат пішуць пра яго значэньне ў расейскай палітычнай сыстэме. Увогуле ён атрымаў тое, што яму заўсёды падабаецца — быць у цэнтры ўвагі, каб пра яго пісалі. Вельмі пазытыўныя матэрыялы ў Расеі зьяўляюцца, што ён выратаваў Расею, зрабіў усё належнае для Расеі. Для яго ўсё прыемна. Тэарэтычна, калі Прыгожын сапраўды ў Беларусі зьявіцца і застанецца, то Лукашэнку могуць быць цікавыя яго сувязі, яго бізнэс, вельмі сумны, але прыбытковы бізнэс, напрыклад, у афрыканскіх краінах. Яны могуць пэўныя дывідэнды з гэтага атрымаць.

Што тычыцца самой Беларусі, то ўсё выглядае куды горш. Калі ў Беларусі зьявяцца вагнэраўцы, трэба чакаць, што будуць уведзеныя дадатковыя санкцыі супраць Беларусі праз тое, што вагнэраўцы знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Калі яны яшчэ будуць на мяжы, то трэба чакаць таго, што можа быць зачыненая мяжа паміж Беларусьсю і Польшчай, паміж Беларусьсю і Літвой, паміж Беларусьсю і Латвіяй.

Калі яны будуць на ўкраінскім напрамку, то магчымае і далейшае пагаршэньне адносінаў, разрыў дыпляматычных адносінаў, гэта і без таго насьпявае. І ў самым горшым выпадку, калі яны будуць у Беларусі і будуць выкарыстоўвацца супраць Украіны, гэта можа быць нават і перанос баявых дзеяньняў на тэрыторыю Беларусі. Так што добрых наступстваў для Беларусі тут чакаць ня варта. І для беларускай незалежнасьці, беларускага сувэрэнітэту ня варта. А для Лукашэнкі пакуль усё складаецца досыць добра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці быў насамрэч «мяцеж» і ці міратворац тут Лукашэнка? Дыскусія аналітыкаў. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым завяршаліся для Беларусі мяцяжы ў Расеі

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.