Польшча дэпартавала экс-супрацоўніка ФСБ Расеі, які прасіў прытулку

 Эмран Наўрузбекаў

Польшча дэпартавала ў Расею былога супрацоўніка контраразьведвальнага падразьдзяленьня ўпраўленьня ФСБ па Дагестане Эмрана Наўрузбекава, які ўцёк з Расеі ў 2017 годзе, публічна расказаў пра фабрыкацыю ведамствам «тэрарыстычных спраў», а потым папрасіў у польскіх улад палітычнага прытулку.

Суд у Польшчы палічыў, што былы супрацоўнік ФСБ стварае пагрозу для бясьпекі краіны.

Па словах жонкі Наўрузбекава, якая знаходзіцца ў Польшчы, праваахоўныя органы краіны ня сталі чакаць разгляду судом скаргі на рашэньне аб дэпартацыі, пададзенай яе мужам. Пры гэтым самой Наўрузбекавай і іх дзецям прытулак далі.

Паводле зьвестак тэлеграм-каналу SOTA, пасьля таго, як Эмран Наўрузбекаў быў перададзены расейскаму боку на мяжы з Калінінградзкай вобласьцю, з ім зьнікла сувязь. Адвакатка дэпартаванага Карына Маскаленка лічыць, што ў Расеі яму пагражае сьмерць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Застраліце мяне тут». У Польшчы затрымалі і хочуць дэпартаваць экс-супрацоўніка ФСБ, які ўцёк з Расеі

Раней Наўрузбекаў двойчы прасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Атрымаўшы на першае прашэньне адмову, ён абскардзіў яе. З кастрычніка мінулага году былы супрацоўнік ФСБ знаходзіўся ў лягеры для ўцекачоў у Куяўска-Паморскім ваяводзтве на поўначы Польшчы. 17 траўня Наўрузбекаў быў затрыманы. Прычынай стала меркаванае парушэньне ім правілаў паводзінаў у лягеры і непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў паліцыі. Затрыманы сваю віну адмаўляў.