У калёніі зьяўляецца Ціханоўскі і зьнікае. Працяг публікацыі фрагмэнтаў кнігі Алега Грузьдзіловіча

«Палітычныя» у магілёўскай калёніі. Малюнак Алега Грузьдзіловіча

«Палітычныя» у магілёўскай калёніі. Малюнак Алега Грузьдзіловіча

Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

Пра свой турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У выданьні выкарыстаныя малюнкі аўтара.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вітаем у пекле!». Пачынаем публікаваць фрагмэнты з кнігі журналіста Алега Грузьдзіловіча пра дзевяць месяцаў за кратамі

Пэсыміст і аптыміст

Ва ўмовах маўклівага цярпеньня, дысцыплінаванасьці і паслушэнства ці бывае ў турме гучная лаянка, скаргі, пратэсты і хаця б крыкі?

У мяне адназначнага адказу няма. Зразумела, што безь цярплівасьці жыцьцё за кратамі ператворыцца ў пекла, таму самі вязьні зацікаўленыя, каб вакол іх складалася спакайнейшая атмасфэра. І ў першыя гадзіны ў вязьніцы ты гэта адчуваеш скурай. Мяне дык крыху расчаравала, як спакойна сустрэла мяне першая мая камэра. Толькі потым уцяміў, што рэакцыя была даволі натуральная: я чарговы сукамэрнік, ня больш. Паслухалі коратка маю гісторыю – і кожны заняўся сваімі справамі. Усе ж роўныя.

Але ў вялікім калектыве ўвесь час падтрымліваць атмасфэру нэўтральнасьці немагчыма. Па-першае, тэмпэрамэнт у людзей розны. Так, зьявіўся ў камэры чалавек, Анатоль, які проста замучыў іншых пытаньнямі: «Як думаеш, мяне пасадзяць? А можа, усё ж дадуць умоўнае пакараньне?» Чалавеку была патрэбна новая порцыя надзеі, а куды па яе зьвяртацца? Да сукамэрнікаў, якія і самі на нэрвах. У вязьніцы ўсё ж кожны ў сваёй шкарлупіне. Адказалі адзін раз, другі, трэці, а потым, натуральна, паслалі... Пачаліся ледзь не гістэрыкі. Калі неспакойнага навічка павезьлі на суд і ў камэру ён больш не вярнуўся, усе ўздыхнулі зь вялікай палёгкай.

Або, наадварот, сядзеў у камэры вялікі аптыміст і жыцьцялюб Васіль. Апавядаў неверагодныя гісторыі з свайго сэксуальнага жыцьця, жартаваў з ахоўніцамі, да адной міліцыянткі праз кармушку спрабаваў заляцацца. Дзяўчатам у форме яўна падабаўся малады арыштант, які ніколі не сумаваў, жартаваў, усьміхаўся. А 6-й раніцы ён ніколі адразу не падымаўся. Камэра ўжо апранулася ды схадзіла ў прыбіральню, вось-вось будуць сьнедаць, а Вася ўсё валяецца на сваім эксклюзіўным тоўстым матрацы. Ня надта і баіцца атрымаць заўвагу прадольнага. У выніку іншыя міліцыянткі выпісалі яму тры рапарты і ён адправіўся ў карцар на сем дзён. Вярнуўшыся, сабе ня здрадзіў: усё такі ж вялікі аптыміст і жартаўнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няпраўда, быццам беларусы забыліся пра сваіх рэпрэсаваных продкаў». Працяг публікацыі фрагмэнтаў кнігі Алега Грузьдзіловіча

Як зрывае дах

Але ў адзін дзень гэтая прыгожая карцінка раптам разьбіваецца на кавалкі. Чалавек, які толькі што ўсьміхаўся, раптам выбухае і крычыць на ахоўніка толькі таму, што той з калідора сказаў грубае слова ў адрас камэры. Між тым грубасьць з таго боку — звычайная рэч. Калі раней ставіўся да яе абыякава, то чаму цяпер інакш? Другім разам, яшчэ празь месяц, гэтак жа нечакана для ўсіх Вася пачаў біць нагамі і рукамі ў дзьверы камэры, патрабуючы шырэй адчыніць вэнтыляцыйны лючок, бо ў калідор не выходзіў цыгарэтны дым. А тое, што ён жа і накурыў у камэры, гэта як бы неістотна.

Пасьля такіх зрываў у настроі Васіля спрабавалі разам высьветліць іх прычыны. Чаму чалавек нібы спакойны, а потым абавязкова выбух эмоцый? Васіль даваў такі адказ: «Калі ім можна з намі абыходзіцца, як з быдлам, чаму мы мусім прытрымлівацца нейкіх правілаў?»

У мяне ж была свая вэрсія. Вырашыў, што кожны з арыштантаў-крымінальнікаў, нават апошні бадзяга-хуліган, глыбока ў сабе носіць віну за свой учынак. А да гэтай віны прымешваюцца і крыўда на ўвесь сьвет за няўдалы паварот свайго лёсу, і боязь турмы, і шкадаваньне доўгіх гадоў жыцьця, якія давядзецца змарнаваць у вязьніцы. Няма тых, хто не перажывае, а можа, і не кляне долю. Проста пачуцьці і думкі да часу хаваюцца пад бравадай, пад маскай аптыміста ці пафігіста. Але надыходзіць дзень, і, як лява зь нетраў вулькана, з глыбіні душы вырываецца агрэсія. Вось якраз тое і здарылася на маіх вачах з сукамэрнікам Васілём на «Валадарцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як гэта ўсё перажыць. Псыхоляг адказвае на пытаньні чытачоў Свабоды

Псыхалягічная служба

Прафіляктыкай падобных праяваў, па ідэі, мусяць займацца ў вязьніцы штатныя псыхолягі. І яны там ёсьць. Як правіла, жанчыны. З адной такой сустрэўся на «Валадарцы», калі ставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму.

Цябе выклікаюць на размову да псыхоляга, вядуць у адмысловы кабінэт. Там сядзіць такая чысьценькая бляндыначка, міла ўсьміхаецца, задае пытаньні пра тое, ці схільны ты да агрэсіі, якая ў цябе сям’я ды ўсё такое. Па яе рэакцыі на твае адказы бачыш, што прыкмет схільнасьці да экстрэмізму яна не знайшла. А потым цябе ўсё роўна прызнаюць схільным да экстрэмізму, а значыць, яна проста выканала пастаўленую задачу.

Тое самае паўтарылася ў магілёўскім сьледчым ізалятары. Фармальныя пытаньні – і больш ніякай рэальнай працы. Хоць бы яшчэ раз за чатыры месяцы выклікалі да псыхоляга, пагаварылі пра жыцьцё, праблемы, што непакоіць. Такога не было. У кожнай з камэр — ледзь не траціна «схільных да экстрэмізму», а турэмнага псыхоляга гэта не цікавіць. Бо ведаюць, што ніякія мы не экстрэмісты. Але і пра тых, хто сапраўды схільны да праяваў нематываванай агрэсіі, клопату не заўважыў. Увага да такіх вязьняў адна: назьбіраў тры вымовы — ідзі адпачні ў карцар.

Выйдзеш адтуль шаўковы.

Дарэчы, канфлікты ў вязьніцы непазьбежныя ня толькі паміж вязьнямі і адміністрацыяй, але і паміж самімі арыштантамі. Такія канфлікты нават часьцей здараюцца, бо ахоўнік — там, за дротам ці на калідоры, а чалавек, які цябе раздражняе тым, што гучна смаркаецца ў агульны ўмывальнік, — ён тут, побач. І яму сапраўды хочацца набіць пысу, калі нармальных словаў не разумее. І вось тут трэба, каб чалавеку загадзя патлумачылі, як сябе паводзіць, як кіраваць сваімі пачуцьцямі, у тым ліку агрэсіяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парушыць канфідэнцыйнасьць кліента можна па званку міліцыянта. Псыхоляг пра новую рэдакцыю закону «Аб аказаньні псыхалягічнай дапамогі»

Паклічце начальніка!

Ці абураецца хто ўголас умовамі ў вязьніцах, ціскам адміністрацыі, свавольствам опэраў?

Акрамя згаданага выпадку на «Валадарцы», быў сьведкам такога яшчэ ў ШЫЗА «пятнашкі». Малады (мяркуючы па голасе) асуджаны ўступіў у канфлікт зь дзяжурным.

«Паклічце начальніка!» — раптам раздалося з канца калідора, дзе пасьля камэр ШЫЗА пачыналася ПКТ, але ня ведаю, зь якой камэры дакладна. Спрэчка працягвалася хвілін пяць. Спачатку арыштант крычаў і грукаў у дзьверы. Калі нарэшце зьявіўся дзяжурны, вязень пачаў даводзіць, што ягонай скаргі не прынялі, а ён патрабуе, каб яго выслухаў начальнік. Так шмат разоў, прычым тон, якім хлопец выказваў свае патрабаваньні, рабіўся ўсе вышэйшым. Памятаю свае пачуцьці ў той момант: проста быў шакаваны, нават пазайздросьціў сьмеласьці невядомага вязьня. Потым на дапамогу дзяжурнаму прыйшоў яшчэ адзін ахоўнік, старэйшага веку, і цяпер яны абодва даводзілі, што асуджаны ня мае рацыі. Малады ж не супакойваўся.

Таксама зьдзівіла, што ахоўнікі на крык у адказ так і не перайшлі. Але скончылася разборка банальна. Дзяжурныя проста ляснулі «кармушкай» (зачынілі вакенца) і пайшлі. А хлопец працягваў пратэставаць і дамагацца візыту начальніка.

У атрадзе мне потым казалі, што ведаюць пра непакорнага асуджанага, які даўно на нажах з адміністрацыяй. Што яго ўвесь час прэсуюць, з ШЫЗА і ПКТ амаль не выходзіць. Магчыма, гэта ягоны голас я чуў, як сядзеў у штрафным ізалятары. Хлопцы меркавалі, што вязьня, які сьвядома «ламае рэжым», лёс чакае адзін: паводле 411-га артыкулу атрымае новы тэрмін і пераедзе ў калёнію з горшым рэжымам ці ў турму.

І пэўна, што такі адважны быў не адзіны. Па тэлебачаньні калёніі кожную пятніцу паказвалі навіны і ў канцы, пасьля спорту ды канцэртаў, заўсёды была інфармацыя пра пакараньні. Пэрыядычна пяць-шэсьць чалавек на тыдні траплялі ў штрафны ізалятар ці памяшканьне камэрнага тыпу. За чатыры месяцы, што я быў у калёніі, сама меней двух вязьняў асудзілі на новы тэрмін і адправілі ў іншую калёнію альбо турму. Сярод іх быў і Сяргей Ціханоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Катаваць адных, каб баяліся іншыя. Навошта Лукашэнку зьдзекі з палітвязьняў

Ціханоўскі ў магілёўскай калёніі

Пра тое, што Сяргея Ціханоўскага прывезьлі ў нашу калёнію, паведаміў Мікалай, калега, які адбываў пакараньне паводле наркатычнага артыкулу. Мы апынуліся ў суседніх атрадах, разьмешчаных у адным будынку, і маглі бачыцца падчас прагулак у дворыку. Быў пачатак ліпеня.

«Прывезьлі і зьмясьцілі ў карантын Ціханоўскага. Больш нічога ня ведаю», — сказаў Мікалай. Размова адбывалася ў дворыку, дзе звычайна побач гуляе некалькі дзясяткаў вязьняў. Сярод асуджаных хапае стукачоў, якія адсочваюць усе кантакты, спрабуюць падслухаць, пра што гаворка. Таму і перайшлі на паўшэпт. Пытаюся ў Мікалая, адкуль зьвесткі, і чую ўхілісты адказ пра сароку, якая на хвасьце прынесла. Абмеркавалі навіну. Сышліся на тым, што такое сапраўды можа быць. Па часе якраз падыходзіць: працэс над Ціханоўскім скончыўся недзе ў сярэдзіне вясны, месяцы два пайшло на апэляцыю, і цяпер ён мусіць апынуцца ў такой калёніі, як наша, бо першаход. Тады пачакаем недзе два тыдні, пакуль пройдзе карантын, і ён мусіць зьявіцца ў адным з атрадаў.

Мінула якраз два тыдні, і хлопцы расказалі, што ў чарговых навінах пра калёнію па мясцовай тэлевізіі бачылі навіну і пра Сяргея Ціханоўскага. Маўляў, што такі і такі асуджаны, які знаходзіўся ў карантыне, атрымаў дзесяць сутак ШЫЗА за непадпарадкаваньне.

Стаялі надзвычай цёплыя дні, а ў такое надвор’е пратрымацца ў штрафным ізалятары можна. Даюць там, як ва ўсёй калёніі, малакалярыйныя стравы, але міску напаўняюць кашай да краёў і гарбаты не шкадуюць, да таго ж яна заўсёды гарачая. А з астатнім дасьць рады, чалавек загартаваны, падумаў я. Але наступная зьвестка пра Сяргея шакавала.

«Ён ня проста так трапіў у ШЫЗА. Сам адмовіўся падымацца ў атрад, бо яму спрабуюць навесіць нізкі статус», — казаў суразмоўца. Паводле Мікалая, Ціханоўскаму закідаюць, што адзін зь сяброў выбарчай каманды меў нетрадыцыйную арыентацыю і ўсе пра гэта ведалі, але ад яго не адвярнуліся. «За тое цяпер і Сяргея мучаць», — меркаваў асуджаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На Ціханоўскага „кінулі маляву“». Палітвязень Баброўскі пра ўмовы ў СІЗА і рэйтынг Лукашэнкі за кратамі

Ці магчымыя з боку ўладаў такія мэтады? Мой журналісцкі досьвед кажа: магчымыя. Падчас расправы над удзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году такія захады ўжо ўжываліся. Гэтак жа сама спрабавалі запляміць аднаго з былых кандыдатаў на прэзыдэнта, якому давялося адбыць у няволі значны час. Яму проста ў камэру падсадзілі вязьня зь нізкім статусам, пра што ён, зразумела, ня ведаў, і потым пусьцілі чутку па вязьніцы, што ён таксама мае такі ж статус. Разьлік быў на тое, што чалавек пры такой пагрозе маральна зламаецца і стане пакорлівым. Не спрацавала, палітык не саступіў.

Парадамі пра тое, як ратавацца ў падобным становішчы, са мной, калі быў яшчэ на волі, дзяліўся прадпрымальнік Андрэй, які ў 2008 годзе спрабаваў балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але быў арыштаваны. Некалькі гадоў Андрэй адбыў у турме, і такія зьнявагі ды ціск зазнаў на сабе. Да яго ў камэру падсадзілі арыштанта, пасьля чаго Андрэй мусіў даказваць, што ён «не такі самы». Спачатку паспрабаваў апэляваць да крымінальнай супольнасьці. Даводзіў зэкам, што гэта была міліцэйская правакацыя. Паводле парадкаў сярод крымінальнікаў на такі выпадак прадугледжаны разбор. Асуджаныя, якія лічацца аўтарытэтамі ў сваім асяродзьдзі, разглядаюць зварот таго, хто аспрэчвае новы статус. Калі вырашаць, што сапраўды нізкі статус — вынік правакацыі, тады даюць сыгнал сядзельцам турмаў і калёній яго ня ўлічваць. Але дамагчыся такога разбору вельмі складана, бо крымінальная герархія ў Беларусі даўно разбураная, сказаў мне Андрэй. Паводле яго, гэта даўно міт, што за кожнай зонай нібыта замацаваны свой «смотрящий».

Ва ўсякім разе, Андрэю дамагчыся ўмяшаньня аўтарытэтаў не ўдалося, а ўратаваў яго іншы спосаб — заява ў адміністрацыю калёніі аб пагрозе жыцьцю і здароўю, у якой ён папрасіўся ў адзіночную камэру. Паводле закону такую заяву адміністрацыя калёніі мусіла задаволіць, што зь ім і адбылося. Пасьля гэтага Андрэй да канца знаходзіўся ў адзіночцы, кантакты зь іншымі вязьнямі для яго былі выключаныя. Вядома, давялося цярпець знаходжаньне ў вельмі жорсткіх умовах.

Ці пісаў падобную заяву Сяргей Ціханоўскі, мне невядома. Вядома толькі, што пасьля аднаго тэрміну ў ШЫЗА ён атрымаў наступны, на дзесяць дзён. Пасьля чаго, як паведаміў “турэмны тэлеграф”, апынуўся ў адзіночцы ў ПКТ. У верасьні 2022 году ў атрадзе казалі, што Сяргея Ціханоўскага ўвогуле з нашай калёніі вывезьлі. Але куды, ніхто ня ведаў. Нават тыя, каму раней весткі прыносіла сарока на хвасьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пагутарыла з вызваленым журналістам Свабоды Грузьдзіловічам. Той расказаў, што ведае пра яе зьняволенага мужа
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заявіла, што нічога ня чула пра свайго зьняволенага мужа з 10 сакавіка

Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

Цяпер жыве ў Вільні.

У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: праваабаронцы паведамляюць аб правакацыі супраць Марыі Калесьнікавай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне балюча, што я тут, а яны — там». Як былыя палітвязьні за мяжой спрабуюць пазбавіцца ад «віны за тое, што выжылі»