Пагаварылі зь юрыстам пра тое, як атрымаць хоць нейкую інфармацыю і што рабіць сваякам у такой сытуацыі.
Сваякі Статкевіча, Знака і Лосіка падазраюць, што іхныя родныя ў ШЫЗА
20 красавіка жонка Статкевіча Марына Адамовіч у фэйсбуку напісала кароткую фразу: «70 дзён. Бездань». Менавіта столькі дзён ад палітвязьня няма лістоў. Няма адказаў і на скаргі Адамовіч у калёнію і ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў.
Апошні ліст ад Максіма Знака сям’я атрымала 9 лютага. Жонцы і адвакатцы Максіма Надзеі паведамілі ў калёніі № 3 «Віцьба», што яе муж і адначасова падабаронны знаходзіцца ў ШЫЗА.
Апошні ліст ад палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка бацькі атрымалі роўна 2 месяцы таму, 20 лютага. 10 сакавіка і 3 красавіка адвакатаў да Ігара не пусьцілі — маўляў, «няма заявы асуджанага».
Праваабаронцы пісалі, што Ігара зьмясьцілі ў штрафны ізалятар, 15 сакавіка ён спрабаваў рэзаць руку і горла. Паводле інфармацыі Свабоды, бацькі самі паехалі ў калёнію, бо адваката сына Арцёма Сям’янава 20 сакавіка затрымалі і пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі. Да сына бацькоў не пусьцілі, кіраўніцтва калёніі коратка паведаміла, што зь Ігарам усё ў парадку, але доўгатэрміновага спатканьня, якое плянавалася ў канцы сакавіка, ён пазбаўлены праз спагнаньне.
Сваякі Статкевіча, Знака і Лосіка падазраюць, што іхных родных працяглы час трымаюць у штрафных ізалятарах. Ліставаньне адтуль забараняецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас выступу Ціханоўскай у Сэнаце ЗША вывесілі партрэт палітзьняволенага Ігара Лосіка«З палітычнымі атрымліваецца, што ўсе камунікацыі адрэзаныя»
Юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect-Protest-Fulfill, якая раней працавала адвакаткай у Беларусі і абараняла палітычных зьняволеных, патлумачыла, што калі чалавек адбывае пакараньне, ёсьць некалькі шляхоў узаемадзеяньня зь ім.
«Гэта адвакат, лісты, спатканьні (кароткія і доўгатэрміновыя), перадачы. З палітычнымі атрымліваецца, што ўсе камунікацыі адрэзаныя. Тут у сваякоў два варыянты. Адзін — апублічваць інфармацыю. Але наколькі сваякі гэта гатовы зрабіць, вялікае пытаньне. З аднаго боку, калі маўчаць, не апублічваць, ніхто не даведаецца і ня будзе ніякіх захадаў рабіць. З другога боку, сваякі асьцерагаюцца: „Скажу штосьці лішняе, зраблю яму яшчэ горш, створаць невыносныя ўмовы“. На мой погляд, трэба данесьці да сваякоў, што застаўся толькі адзін шлях: расказваць, што няма сувязі, няма лістоў, няма доступу адваката», — перакананая юрыстка праваабарончай арганізацыі
Яна раіць таксама пісаць скаргі начальніку калёніі, заявы ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Таксама варта запісацца на прыём да начальніка калёніі.
«Начальнік калёніі сказаў, што ўсё добра? Пішыце ў Дэпартамэнт. Перапіска можа быць доўгая. Прабачце за выраз, трэба проста дзяўбці і дзяўбці іх. Раю задаваць пытаньні: „Доўгі час няма інфармацыі пра зьняволенага, дзе ён утрымліваецца, што зь ім?“ Што тычыцца канкрэтна Ігара Лосіка: „Даходзяць чуткі, што ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, хацелася б даведацца пра ягоны стан здароўя: псыхічны, фізычны, якую яму дапамогу аказваюць“. То бок, спрабаваць задаваць канкрэтныя пытаньні. Безумоўна, ёсьць верагоднасьць, што яны атрымаюць стандартны адказ, што зь ім усё ў парадку, што згодна з рэжымам адбывае пакараньне», — кажа юрыстка Respect-Protest-Fulfill.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны жывыя, а ня проста лічбы ў справаздачах». Як вядомыя беларусы ўзялі апеку над палітвязьнямі«Раю пісаць скаргі, „дзяўбці“, апублічваць інфармацыю»
Нягледзячы на тое, што права асуджанага карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката без абмежаваньняў і ў любы час прадугледжана артыкулам 10 Крымінальна-выканаўчага кодэксу і артыкулам 62 Канстытуцыі Беларусі, на практыцы пытаньне — дапусьціць ці не дапусьціць адваката да зьняволенага — вырашае адміністрацыя калёніі.
Юрыстка расказала, што раней адвакаты маглі адстойваць права на абарону, сварыцца, пісаць скаргі, дайсьці да начальніка калёніі і, нарэшце, дамагчыся сустрэчы са сваім падабаронным.
«Цяпер адвакат так дзейнічаць не адважыцца. Вось гэта сакавіцкае затрыманьне шасьцярых адвакатаў — мэтанакіраваная атака, каб у вядомых, „знакавых“ палітычных зьняволеных не засталося адвакатаў для наведваньня. Адвакаты баяцца: у лепшым выпадку, калі ты жанчына і ў цябе ёсьць дзеці, будзе пратакол. А адвакат Ігара Лосіка Арцём Сям’янаў сеў на 30 сутак, і яшчэ невядома, што зь ім будзе далей. Бо пасьля пратакола ў адміністрацыйнай справе адваката выключаць з калегіі і пазбавяць прафэсіі.
Таму, акрамя апублічваньня, у сваякоў іншых шляхоў няма. Такім чынам, раю пісаць скаргі, „дзяўбці“ і апублічваць інфармацыю», — падсумавала юрыстка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знайсьці адваката для палітвязьня амаль нерэальна». Юрыст камэнтуе «зьнікненьне» вядомых палітычных зьняволеных