Кіраўнік МЗС Літвы і Ціханоўская раскрытыкавалі вэта Наўседы на закон аб новых санкцыях для расейцаў і беларусаў

Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская

Лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы накладаньне прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам вэта на закон аб абмежаваньнях адносна беларусаў, падкрэсьліла, што «нельга ставіць у адзін шэраг беларусаў і саўдзельнікаў рэжыму» і «нельга караць беларусаў за дзеяньні рэжыму».

Ціханоўская нагадала, што яе офіс працаваў для таго, «каб абараніць правы беларусаў і зрабіць гэтыя абмежаваньні менш жорсткімі».

«Мы ўзьнімалі гэтыя пытаньні з МЗС і МУС Літвы, літоўскімі дэпутатамі. Па нашай прапанове ў апошнім законапраекце былі зробленыя больш мяккімі абмежаваньні для беларусаў, і большасьць дэпутатаў гэтыя прапановы падтрымала. Таксама я накіравала ліст прэзыдэнту Наўседу з тлумачэньнем, што абмежаваньні не павінны закранаць беларусаў», — сказала Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы наклаў вэта на закон аб абмежавальных захадах адносна грамадзян Беларусі і Расеі

Яна адзначыла, што «Расея з дапамогай рэжыму Лукашэнкі пачала вайну, у той час як беларусы змагаюцца на баку Ўкраіны, рызыкуюць сваім здароўем, свабодай і жыцьцём, праводзячы партызанскія акцыі ў Беларусі».

Ціханоўская нагадала пра барацьбу і салідарнасьць беларусаў у падтрымцы Ўкраіны, а таксама дадала, што «беларусы перавозяць у Літву бізнэсы, якія ўваходзяць у топ падаткаплатнікаў, і ўносяць важкі ўнёсак у эканоміку Літвы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група беларусаў зьвярнулася да прэзыдэнта Літвы з патрабаваньнем адрозьніваць беларусаў ад расейцаў

«Безумоўна, мы вельмі цэнім усю падтрымку, якую Літва аказвала і працягвае аказваць нашай барацьбе за дэмакратычную эўрапейскую будучыню Беларусі, мы разьлічваем на ўзважанае рашэньне літоўскага кіраўніцтва і літоўскага парлямэнту, каб працягваць умацоўваць сувязі паміж нашымі народамі, а не будаваць паміж імі сьцены», — заявіла лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі.

Вэта Наўседы асудзіў і міністар замежных спраў Літвы

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс так пракамэнтаваў накладзенае Гітанасам Наўседам вэта:

«Прыкра, што прэзыдэнт не прыслухаўся ні да закліку дэмакратычнага лідэра Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай, ні да ўзважанай пазыцыі Сейму. Хочацца верыць, што Сейм застанецца на сваёй пазыцыі», — сказаў міністар, яго цытуе Delfi.lt.

Як растлумачыла «Зеркалу» дарадца Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр, Сейм Літвы можа пераадолець вэта, накладзенае Наўседам, калі за мякчэйшы варыянт законапраекту зноў прагаласуюць больш за палову дэпутатаў — гэта значыць, як мінімум 71. Першы раз галасоў «за» было нават больш — 76, яшчэ 34 дэпутаты ўстрымаліся і 13 выступілі супраць. Так што цяпер намаганьні офіса Ціханоўскай будуць накіраваныя на пераконваньне дэпутатаў.

«Вельмі важны грамадзкі ўдзел. Варта размаўляць з дэпутатамі Сейму і пераконваць іх прагаласаваць за мяккі варыянт законапраекту. Мы працуем з дэпутатамі і тлумачым, што ўвядзеньне больш жорсткіх абмежаваньняў у дачыненьні да беларусаў непрымальнае», — расказала Рыхтэр.

  • Закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзянаў Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны быў прыняты Сеймам Літвы 4 красавіка. Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяваў на атрыманьне візаў ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача заявы ажыцьцяўляецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы.
  • Для расейцаў уводзіцца часовае прыпыненьне падачы заявак на атрыманьне часовага віду на жыхарства, беларусаў гэтая частка закону не закране.
  • 14 красавіка стала вядома, што прэзыдэнт Наўседа наклаў на закон вэта.
  • Сейм можа прыняць ці не прыняць папраўкі, якія ўнёс у дакумэнт прэзыдэнт Літвы. Для таго каб прыняць вэтаваны прэзыдэнтам закон, патрабуецца, каб за яго прагаласаваў як мінімум 71 дэпутат з 141-го.