Колькасьць загінулых ад землятрусаў у Турэччыне і Сырыі перавысіла 41 тысячу чалавек

Басьнійскі ратавальнік на разборы завалаў у Турэччыне, 13 лютага 2023

Некаторых людзей удалося ўратаваць з-пад завалаў праз больш як 200 гадзін.

Колькасьць загінулых ад землятрусаў у Турэччыне і Сырыі перавысіла 41 тысячу, піша Reuters.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што ахвярамі стыхіі ў краіне сталі 35 418 чалавек. Ён дадаў, што ў шпіталях знаходзяцца 13 208 параненых. Агенцтва Reuters, на аснове паведамленьняў сырыйскіх дзяржаўных СМІ і агенцтва ААН, падлічыла, што ў краіне загінулі звыш 5800 чалавек.

Эрдаган заявіў, што ўжо заплянавана будаўніцтва 30 тысяч дамоў замест разбураных стыхіяй.

Як піша Anadolu, падчас пошукава-выратавальных работ знайшлі жывымі як мінімум чатырох чалавек, якія правялі пад заваламі больш за 200 гадзін. У прыватнасьці, у Адыямане ратавальнікі дасталі з-пад завалаў 12-гадовага Бэрата. Ён правёў пад абломкамі каля 207 гадзін. Сям’ю хлопчыка пакуль знайсьці не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз папрасіў улады Сырыі «не палітызаваць» аказаньне гуманітарнай дапамогі. У Турэччыне дзейнічаюць марадэры

У Кахраманмарашы ўдалося выратаваць 35-гадовую жанчыну праз 205 гадзін пасьля землятрусу. Каб дабрацца да яе, ратавальнікам давялося пракласьці пяцімэтровы тунэль.

За гадзіну да гэтага ў горадзе Антак’я ратавальнікі дасталі з-пад абломкаў дома жанчыну па імені Муна, якая правяла пад заваламі каля 204 гадзін. Незадоўга да гэтага ратавальнікі знайшлі жывой у тым жа доме 26-гадовую Эміну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуску Аляксандру Акпінар і яе сына, якія зьніклі падчас землятрусу ў Турэччыне, знайшлі нежывымі

Першы землятрус магнітудай 7,7 на паўднёвым усходзе Турэччыны, які закрануў некалькі раёнаў Сырыі, адбыўся ў ноч на 6 лютага. Празь некалькі гадзін недалёка ад яго эпіцэнтру адбыўся другі землятрус магнітудай 7,6. Пасьля іх было зафіксавана больш за 1200 паўторных падземных штуршкоў.

Выратавальныя каманды і мэдыкі прыбылі ў Турэччыну і Сырыю з 70 краінаў. ААН выдзеліла 25 мільёнаў даляраў са свайго надзвычайнага фонду на наданьне тэрміновай гуманітарнай дапамогі пацярпелым у Турэччыне і Сырыі. ЗША таксама выдзяляюць 85 мільёнаў даляраў на дапамогу. Сусьветны банк абʼявіў, што выдзяляе на дапамогу Турэччыне 1,78 мільярда даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ведаю, ці жывыя мае сябры». Як беларусы пераносяць землятрус у Турэччыне