Беларускі вытворца курыных яек «Фірма АВС» паведаміла расейскім контрагентам аб прыпыненьні паставак, піша RTVI. Рашэньне зьвязана зь недахопам прадукцыі і неабходнасьцю ў першую чаргу забясьпечыць унутраны рынак.
Раней Беларусь ужо ўводзіла забарону на экспарт яек, мяса курыцы і малочнай прадукцыі для сямі буйных кампаній. «Фірма АВС» у іх лік не ўваходзіла.
Ліст расейскім рытэйлерам «Фірма АВС» разаслала 20 студзеня, яго сапраўднасьць пацьвердзіў адзін з вытворцаў яек у Расеі, а таксама прадстаўнік прадуктовай сеткі. У самой «Фірме АВС» камэнтароў не далі.
У кастрычніку мінулага году Беларусь ужо ўводзіла забарону на экспарт сталовых яек, а таксама мяса курыцы і малочнай прадукцыі. Тады абмежаваньні распаўсюджваліся на сем кампаній — «Сервалюкс Агра», Віцебскую бройлерную птушкафабрыку, птушкафабрыку «Дружба», Баранавіцкую птушкафабрыку, 1-ю Менскую птушкафабрыку, а таксама Рагачоўскі і Лепельскі камбінаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, які працуе, зьбяднеў за год на 7 кг сала і пабагацеў на 12 кг бульбы. Як інфляцыя зьядае заробкі