Каманда Навальнага знайшла ў Італіі і Чарнагорыі вілы дэпутатаў Думы ад партыі «Единая Россия», якія крытыкуюць NATO і ўсхваляюць Пуціна

Дэпутат Дзярждумы ад партыі «Единая Россия» Алег Марозаў

Каманда расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага выпусьціла расьсьледаваньне пра эўрапейскую нерухомасьць і паездкі за мяжу прадстаўнікоў партыі «Единая Россия», у тым ліку дэпутатаў Дзярждумы, якія крытыкуюць NATO і ўсхваляюць прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Дэпутат Дзярждумы ад партыі «Единая Россия» Алег Марозаў прапаноўваў выдаваць расейцам, якія пакінулі РФ, статус непажаданай пэрсоны. NATO ён лічыць пагрозай для Расеі і прадракае разбурэньне эканомікі Чарнагорыі, — паведамляе «Настоящее время».

Менавіта ў Чарнагорыі, па дадзеных расьсьледавальнікаў, знаходзіцца віла, аформленая на сястру Марозава — Вольгу Насібуліну. Дом плошчай 320 квадратных мэтраў коштам 300 тысяч эўра яго сястра купіла ў 2015 годзе, аднак, як зазначаецца, такіх грошай у яе няма.

Іншы дэпутат Дзярждумы ад партыі «Единая Россия», якога згадваюць у расьсьледаваньні, — Алег Мацьвейчаў. Ён называе NATO «ракавай пухлінай на целе плянэты», а расейцаў, якія зьехалі з краіны, — юдамі, а таксама заяўляе, што ў Расеі павінны вырасьці дзеці, якія «ніколі ня чулі прозьвішча Грабеншчыкова ці Пугачовай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія лекары просяць Пуціна спыніць зьдзекі з Навальнага

Пры гэтым, як высьветліла каманда Навальнага, сваю дачку Лідзію ён выдаў замуж у адной з краінаў Эўропы. Цяпер яна жыве ў Жэнэве і працуе ў міжнароднай арганізацыі, якая займаецца праблемамі этыкі. Зарплату ёй плаціць фонд «Время», заснавальнік яго — сам Мацьвейчаў. Фонд займаецца перадвыбарчымі праектамі партыі «Единая Россия», за 2020 і 2021 гады арганізацыя атрымала 285 мільёнаў рублёў.

Сам Мацьвейчаў да нядаўняга часу падарожнічаў па краінах Эўропы, у прыватнасьці, наведваў Швайцарыю, Італію і Польшчу.

Палітоляг і каардынатар экспэртнай рады партыі «Единая Россия» Канстанцін Косьцін атрымліваў гранты ад дзяржавы, прыдумляў кампрамат, займаўся ботамі, дапамагаў партыі «Единая Россия» на выбарах, усхваляў партыю і Пуціна. У яго, як сьцьвярджаюць расьсьледавальнікі, быў цэлы «плян барацьбы з Навальным». На ўсё гэта ён атрымліваў сотні мільёнаў рублёў.

«Менавіта Косьцін прыдумаў схему з падстаўнымі ахвярадаўцамі. Гэта калі чалавек ахвяруе Навальнаму 50 тысяч рублёў, а потым расчароўваецца ў ім і ідзе пісаць заяву. Так была сфабрыкаваная справа, па якой Аляксей атрымаў дзевяць гадоў турмы», — паказвае каманда Навальнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі мільярдэр перапісаў на дзяцей $4 мільярды напярэдадні ўварваньня РФ ва Ўкраіну

Канстанцін Косьцін, як сьцьвярджаецца, валодае домам у італьянскай Таскане. Плошча яго тасканскіх уладаньняў — амаль 2 гектары, увесь пляц — адзін вялікі аліўкавы гай. У цэнтры пляца — двухпавярховая 12-пакаёвая віла плошчай 300 квадратных мэтраў. Яна была набытая ў лютым 2014 года і аформленая на ягоную жонку Вольгу Косьціну.

Апроч дома, Вольга Косьціна ў кастрычніку 2022 году купіла Mercedes амаль за 37 тысяч эўра. У гаражы ў іх стаіць і італьянскі кабрыялет Fiat 124, які каштуе каля 25 тысяч эўра. Агульны кошт тасканскіх уладаньняў Косьціна расьсьледавальнікі ацэньваюць у 1 мільён эўра.

«Мы адправілі юрыдычныя дакумэнты ўладам Італіі, Швайцарыі і Чарнагорыі. Мы патрабуем уключыць Марозава, Мацьвейчава і Косьціна ва ўсе санкцыйныя сьпісы, у якія яны яшчэ ня ўключаны. І, вядома, мы патрабуем санкцый супраць іх сваякоў, на якіх яны запісваюць маёмасьць. Чальцы партыі расказваюць нам, як добра стала жыць пры Пуціну і як дрэнна жыць на Захадзе. Дык няхай цяпер і жывуць з Пуціным, без сваіх эўрапейскіх вілаў», — лічаць паплечнікі Навальнага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Навальнага расказала пра 140-мэтровую «супэр’яхту Пуціна» за $700 мільёнаў, яе экіпаж —супрацоўнікі Фэдэральнай службы аховы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Італіі арыштавалі яхту мільярдэра з беларускімі каранямі Мельнічэнкі, які трапіў пад антываенныя санкцыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Transparency International: уварваньне ва Ўкраіну стала вынікам нястрыманай карупцыі ў Расеі