У этэры тэлеканалу «Настоящее время» Луцэнка расказаў Ірыне Рамалійскай пра «пастку» для расейцаў у Салядары, заходнюю тэхніку і пра тое, пры якіх умовах будзе магчымы контранаступ украінскай арміі.
— Як я разумею, карэктуючы агонь і каардынуючы артылерыю пры дапамозе дронаў, вы бачыце сытуацыю зьверху. Як бы вы апісалі расстаноўку сіл?
— Нашы падразьдзяленьні ўжо больш за два месяцы знаходзяцца ў Бахмуце. Мы ня толькі вядзем выведку, але і можам дзейнічаць наступальна: скідаем гранаты, б’ем дронамі-камікадзэ, якія асвоілі. Досыць эфэктыўна наносім удары.
На вялікі жаль, нічога новага я сказаць не магу. У Бахмуце ўсе гэтыя месяцы ідзе грандыёзная бітва. На жаль, некалькі тыдняў таму расейскае войска змагло ўзяць пад кантроль горад Салядар, пагоршыўшы тым самым нашу сытуацыю на левым флянгу абароны. Кожны дзень дастаткова жорсткія баі ідуць і на правым флянгу Бахмуту: гэта Курдзюмаўка, Кляшчаеўка, Вопытнае. Оркі імкнуцца прабіцца да дзьвюх дарог, якія вядуць на поўнач, да Харкава, і на поўдзень, у горад Дніпро. Сёньня гэтыя трасы пад агнявым кантролем праціўніка. Тым ня менш украінскае войска трымае горад. Нягледзячы на тое, што ў некаторых яго раёнах і ў прыгарадах вядуцца вулічныя баі, нашы падразьдзяленьні на лепшых пазыцыях, чым расейскія акупанты.
Асаблівасьці гэтай лініі судакрананьня, лініі вайны, у тым, што ў горадзе Салядары знаходзяцца выключна «вагнэраўцы». Відавочна, у адплату за палітычныя крыўды кіраўніцтва Ўзброеных сіл Расеі, артылерыя «вагнэраўцаў» наагул не падтрымлівае. Фактычна яны аддадзеныя нам на зьядзеньне ў Салядары, і мы з задавальненьнем штодня пракручваем ручку гэтай мясарубкі, наносячы ўдары і па самых малых групках жывой сілы праціўніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: «Вагнэр» стварае «ўнікальную пагрозу» ў бліжнім баі, нават калі нясе велізарныя страты— У сваім фэйсбуку вы кажаце, што ў Салядары «вагнэраўцы» трапілі ў пастку. Што гэта значыць на практыцы?
— Салядар — гэта маленькае мястэчка, дзе жыло дзесяць тысяч чалавек. На «высотцы» знаходзяцца дзевяціпавярховікі, мы там ня раз працавалі і сустракаліся зь мясцовымі жыхарамі. Праўду кажучы, страшнае відовішча: людзі з красавіка жывуць бяз газу, сьвятла, воды. Бабулі выкапалі сабе магілкі проста пад хаткай і просяць, калі што, іх там пахаваць. А ўнізе — саляныя шахты і вакол іх прамзона. Менавіта туды і ўварваліся «вагнэраўцы» — і вельмі радаваліся, што яны за 11 месяцаў вайны, акрамя сяла Пяскі, здолелі другім войскам сьвету ўзяць яшчэ і малюсенькі пасёлак Салядар.
Радаваньне гэтае працягнулася нядоўга, таму што ўкраінскія артылерыйскія брыгады і асобныя артылерыйскія падразьдзяленьні мотапяхотных брыгад наносяць вельмі дакладныя хуткія ўдары па праціўніку, мы проста шакуем іх. На відэа, якое ёсьць у мяне ў фэйсбуку, відаць, што яны бегаюць ад дома да дома, як прусакі, а іх пляскае артылерыя. Салядар для іх як пастка. Яны ў яе трапілі, а ззаду расейскае войска наагул не адказвае. Я ведаю, пра што гавару. У Мікалаеве, дзе мы стаялі ўвесну, суадносіны расейскіх удараў артылерыяй і нашых былі дзесяць да аднаго. У Севераданецку — дваццаць да аднаго, а тут расейскія рэгулярныя сілы цяпер наагул змоўклі. «Вагнэраўцы» толькі кідаюцца па мястэчку, спрабуючы кудысьці схавацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча накіравала Нямеччыне запыт аб пастаўках «Леапардаў» УкраінеНа ўсіх астатніх участках расейскае войска вельмі жорстка спрабуе праламаць нашу лінію абароны. Тактыка ў іх тая ж, што і раней: спачатку днём кідаюць велізарныя масы пяхоты, якая фізычна і псыхалягічна вымотвае нашы войскі, высьцілаючы палі велізарнай колькасьцю трупаў. Калі апускаецца ноч, у справу ўступаюць прафэсійныя спэцпадразьдзяленьні РФ, якія невялікімі групамі атакуюць нашы пазыцыі: спачатку па дзесяць-пяць чалавек, потым разьбіваюцца на тройкі-двойкі.
Часта яны выкарыстоўваюць «вагнэраўцаў», сярод якіх ёсьць дзьве катэгорыі. Асноўная маса — гэта адстаўнікі Ўзброеных сіл РФ. Пэнсія ў іх невялікая, так што яны ідуць на кантракт, атрымліваюць аплату ў два разы большую, чым у звычайнага расейскага салдата, плюс прэмія за кожны ўзяты ўзводны апорны пункт (УАП). Але перад сабой яны пускаюць вязьняў, якія для іх расходны матэрыял, «група разьмінаваньня». Па сутнасьці, іх проста пускаюць наперад і глядзяць, дзе міны, а дзе ўкраінскі фарпост. Пасьля гэтага пачынаюць апрацоўваць зь мінамётаў нашы пазыцыі, спрабуючы ўварвацца ў іх.
На бахмуцкім кірунку такіх штурмаў УАПаў за дзень адбываецца некалькі дзясяткаў. Часам бывае, што за дзень мы губляем адзін УАП, часам мы вяртаем адзін, два ці тры. Гэта вельмі жорсткія кантактныя баі, і героямі тут зьяўляецца, безумоўна, украінская пяхота. Менавіта яны тыя героі, якія на сваіх плячах трымаюць фронт і лёс усёй краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі канцэрн Rheinmetall можа паставіць ва Ўкраіну 139 танкаў «Леапард»— Ці чакаюць на фронце заходнюю тэхніку з апошніх пакетаў дапамогі, у тым ліку танкі Leopard? Ці можа гэтая тэхніка рэальна зьмяніць расстаноўку сіл?
— Я не зьяўляюся ні вайсковым начальнікам, які бачыць усю карціну бою, ні буйным экспэртам — я практык вайны, які правёў крыху больш за паўгода ў акопе, а цяпер у небе. З майго пункту гледжаньня, пытаньне танкаў — гэта пытаньне вясны. Для таго каб езьдзіць на «Леапардзе», трэба хаця б некалькі месяцаў вучыцца гэтаму: трэба ж ня проста ехаць, але яшчэ і быць у кантакце з калегамі, з падразьдзяленьнямі, мяняць тактыку і гэтак далей. Гэта складаная тэхніка. Мне падаецца, гэта ўсё пытаньні будучыні.
Мой асабісты пункт гледжаньня — падкрэсьліваю, што гэта выключна маё адчуваньне, — нас чакае вельмі жорсткі люты. З адкрытых крыніц мы бачым, што Пуцін здолеў забраць у войска ня менш як трыста тысяч «мобікаў» і нават іх павярхоўна навучыць. Ён прызначыў кіраўніком уварваньня ва Ўкраіну Валерыя Герасімава. Гэта азначае, што ў яго ў распараджэньні яшчэ каля двухсот тысяч салдат тэрміновай службы. Такім чынам, у гэтым лютым супраць нас будзе стаяць групоўка расейцаў, якая прыкладна ў тры разы большая, чым гэта было год таму. Так, на гэтай вайне жывая сіла не галоўны фактар. Першы фактар тут — гэта артылерыя, другі фактар — бранятэхніка, і толькі трэці фактар — гэта жывая сіла праціўніка. Але, пагадзіцеся, перавага жывой сілы ў тры разы — гэта шмат. І хвалі, якія гоняць на забой, па-сталінску засыпаючы трупамі кожнае невялікае сяло і пасёлак, — гэта самы сурʼёзны выклік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Харкаўская, Запароская, Днепрапятроўская вобласьць — расейскія войскі працягваюць абстрэлы ЎкраіныЯ лічу, што зараз мы павінны спыніць дыскусіі аб тым, ці дастаткова нам дапамагае Захад і калі прыйдуць гэтыя танкі. Мне здаецца, сёньня прыйшоў час для максымальнай мабілізацыі войска і тылу. Сёньня артылерыі ў нас ня ў дзесяць разоў менш, як гэта было ўвесну і ўлетку. І гэта велізарны фактар нашых будучых посьпехаў — тое, што мы маем нашмат больш бранятэхнікі. Я бачу, як зьяўляецца маса заходняй бранятэхнікі там, дзе яна патрэбная. Гэта ня танкі, але гэта браняваныя машыны, новая артылерыя, лёгкія танкі. З гэтым мы ўваходзім у люты, і мы павінны здужаць.
Толькі выстаяўшы ў лютым, мы, магчыма, у сакавіку зможам разьлічваць на ўкраінскі контранаступ, які прывядзе да вызваленьня нашых земляў. Для таго каб гэта здарылася, мы проста абавязаныя цяпер спыніць любыя разборкі ў тыле. Мы павінны спыніць любую дыскрэдытацыю таго ці іншага сэгменту грамадзтва і вайскова-палітычнага кіраўніцтва. Гэта дасьць магчымасьць войскам засяродзіцца на галоўным, стрымаць праціўніка, выстаяць, перайсьці ў контранаступ і вызваліць нашу зямлю. Таму, праўду кажучы, танкі было б добра ўбачыць, але давайце быць гатовымі да самага жорсткага супрацьстаяньня ў лютым.
Я хачу сказаць: вайна — гэта ня толькі пераможная рэляцыя Арастовіча. Калі сяло сьціраюць зь зямлі, трымаць гэтую таблічку на мапе няма сэнсу. Салдата, якому няма дзе абкапацца, мы падстаўляем. Такім чынам, нам давядзецца недзе адступаць. Але галоўнае пры гэтым — утрымаць баяздольнасьць Узброеных сіл, настрой на перамогу, веру ў сваё вайскова-палітычнае кіраўніцтва. Тады вясна будзе пераможная.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.