Кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны: СБУ забіла фінансіста, інфармацыя якога дапамагла абараніць Кіеў

Дзяніс Кірэеў (першы зьлева) на першым раўндзе перамоваў з расейцамі

Дзяніс Кірэеў працаваў у структурах эўрапейскіх і амэрыканскіх банкаў, а таксама ва ўкраінскім «Ощадбанку». У 2000-х ён пачаў працаваць зь бізнэсоўцамі, якіх лічылі блізкімі да экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў выданьню Wall Street Journal, што без інфармацыі ад фінансіста Дзяніса Кірэева «Кіеў бы ўзялі».

Адзін са сваякоў банкіра яшчэ ў 2003 годзе стаў намесьнікам кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны. А сябар Кірэева сказаў WSJ, што банкіру «падабалася граць ролю агента 007». У 2021 годзе дзейнасьць Кірэева прыцягнула ўвагу генэрала Кірылы Буданава, незадоўга да таго прызначанага кіраўніком вайсковай выведкі. Буданаў паклікаў Кірэева на сустрэчу ў штаб вайсковай выведкі і заклікаў выкарыстоўваць яго сувязі, каб даведвацца інфармацыю пра пляны Расеі. Кірэеў пагадзіўся.

Менавіта ягоная інфармацыя, атрыманая ад расейскіх кантактаў, па словах Буданава, дапамагла абараніць Кіеў у першыя дні вайны. 28 лютага 2022 году фінансіст узяў удзел у перамовах аб спыненьні агню, якія праходзілі ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея рыхтуе новы наступ на Ўкраіну? Былы афіцэр Генэральнага штабу УСУ: шанцы расейскага войска дабрацца да Кіева нязначныя

Перад другім раўндам перамоваў Кірэеву патэлефанавалі з прыёмнай дырэктара контравыведкі СБУ Аляксандра Поклада. Пасьля гэтага банкір прыехаў у Кіеў і папярэдзіў сваіх целаахоўнікаў і супрацоўнікаў вайсковай выведкі, якія былі ў яго групе, што яго могуць арыштаваць. Яны пад’ехалі да Сафійскага сабору, там зь мікрааўтобусаў да іх выбеглі супрацоўнікі СБУ і загадалі здаць зброю, а Кірэева ​вывезьлі ў невядомым кірунку. Праз паўтары гадзіны ягоны труп знайшлі супрацоўнікі вайсковай выведкі на ходніку з куляй у патыліцы.

Спачатку заяўлялі, што Дзяніса Кірэева забілі падчас затрыманьня ў падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Расеі. Але ўжо празь некалькі дзён пасьля забойства яго пахавалі зь дзяржаўнымі ўшанаваньнямі на Байкавых могілках у родным Кіеве побач зь першым міністрам замежных спраў, а прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі пасьмяротна ўзнагародзіў яго мэдалём за «абарону дзяржаўнага сувэрэнітэту».

Празь некалькі месяцаў Зяленскі звольніў кіраўніка СБУ, правёў сэрыю перастановак сярод яе генэралаў, было заведзена больш за 650 крымінальных спраў аб дзяржаўнай здрадзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ ў Кіеве: набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Варабей мае і ўкраінскі пашпарт. СБУ адказала на запыт Свабоды

Што тычыцца ранейшых закідаў пра супрацу Кірэева з чыноўнікамі Януковіча, тут удава фінансіста сказала, што муж тлумачыў ёй рашэньне працаваць зь людзьмі з атачэньня Януковіча тым, што ня можа ў той момант памяняць людзей і вымушаны працаваць з тымі, хто ёсьць.

Кірэеў у час сваёй дзейнасьці супрацоўнічаў з такімі аўтарытэтнымі банкамі, як Crédit Lyonnais, Citibank і ING.

Позна ўвечары 18 лютага, за дзень да вылету на штогадовы адпачынак у францускія Альпы, Кірэеў вярнуўся дадому і заявіў жонцы, што не паедзе. У выніку жонка і сын адправіліся ў Францыю самі, зьмяніць намеры Кірэева жонцы не ўдалося. А 23 лютага фінансіст паведаміў Буданаву аб тым, што Пуцін заплянаваў наступ на Ўкраіну ранкам 24 лютага і нават назваў асноўныя пункты нападу, што потым пацьвердзілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне з пачатку расейскага ўварваньня выкрылі звыш 600 расейскіх агентаў і шпіёнаў, у тым ліку беларуса

Калегі Кірэева сказалі WSJ, што пазьней Кірэеў дапамагаў ім вывесьці актывы з Украіны.

Празь некалькі дзён пасьля першага раўнду перамоваў, удзельнічаць у якіх Кірэева вельмі папрасіў Кірыла Буданаў, сябар наведаў фінансіста ў ягоным доме на паўночнай ускраіне Кіева. Трымаючы ў руках буйнакалібэрную паляўнічую стрэльбу, Кірэеў сказаў, што страляў зь яе ў расейскіх дывэрсантаў, якія падыходзілі да ягонай маёмасьці некалькі начэй таму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца кіраўніка Офіса Зяленскага расказаў, як загінуў удзельнік перамоўнай групы Кірэеў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія СМІ паведамляюць пра гібель перамоўніка са складу ўкраінскай дэлегацыі. СБУ не пацьвярджае

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.