«Рэйкаваму партызану» Мельніку, якому пры затрыманьні прастрэлілі калені, прысудзілі 13 гадоў калёніі

Віталь Мельнік

Віталь Мельнік

Раней праваабаронцы і незалежныя СМІ паведамлялі, што Віталю Мельніку прысудзілі 16 гадоў зьняволеньня, але гэтая інфармацыя аказалася недакладнай — паводле пракуратуры, мужчыну пакаралі 13 гадамі калёніі асаблівага рэжыму.

У Менскім абласным судзе вынесьлі прысуд 40-гадоваму «рэйкаваму партызану» Віталю Мельніку зь Менскага раёну.

Мужчыну асудзілі на 13 гадоў калёніі асаблівага рэжыму і абвінавацілі ў тэрарызьме, незаконным захоўваньні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, наўмысным пашкоджаньні сродкаў сыгналізацыі і іншага транспартнага абсталяваньня, а таксама публічнай абразе Лукашэнкі.

Працэс вяла судзьдзя Анжаліка Данілава.

У зьняволеннага таксама канфіскавалі аўтамабіль Peugeot Partner і мабільны тэлефон iPhone.

У пракуратуры адзначылі, што мужчына абвінавачваўся ў тым, што ў ноч з 24 на 25 сакавіка 2022 году на перагоне Навасады — Барысаў каля вёскі Стайкі Барысаўскага раёну падпаліў рэлейную шафу сьвятлафора аўтаматычнага блякаваньня. У выніку адбылося затрыманьне 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. Падчас сьледзтва ў мужчыны знайшлі два пісталеты і боепрыпасы да іх, акрамя таго, выявілі тры паведамленьні ў інтэрнэце, у якіх зьмяшчаліся абразы Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жахлівы прысуд «рэйкавым партызанам» — падрыхтоўка да ўступленьня ў вайну. Меркаваньне Юрыя Дракахруста

Хто такі Віталь Мельнік

Вядома, што Мельнік жыў у вёсцы Хадакова Менскага раёну, мае маленькае дзіця. Сямʼя лічыць, што Віталь ня мае дачыненьня да выстаўленых артыкулаў, і зьвязвае яго затрыманьне з помстай мясцовага судзьдзі, а таксама тым, што раней у Віталя была судзімасьць.

Доўгі час праваабаронцам не было вядома, дзе ўтрымліваюць Мельніка. Пазьней высьветлілі, што абвінавачаны знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Перасоўваецца мужчына на мыліцах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК заявіў пра 30 крымінальных спраў за дывэрсіі на чыгунцы падчас расейскага нападу на Ўкраіну зь Беларусі