Вітаўт Кіпель называў беларусаў народам кнігі. І сапраўды, самы славуты беларус — ня князь, не палітык, не ваенны герой, а першадрукар Скарына, а беларускае адраджэньне новага часу было найперш зьвязанае зь літаратурай, з кнігай. І сам Вітаўт быў чалавекам кнігі. Кнігі былі ў цэнтры яго прафэсійнай дзейнасьці, кнігі ён любіў, зьбіраў, чытаў і ствараў сам. Мне пашчасьціла паўдзельнічаць у нараджэньні некалькіх яго кніг, і гэтае супрацоўніцтва прынесла незвычайны досьвед, плён і радасьць творчых зносінаў з родным па духу чалавекам.
Вітаўтава кніжнасьць яскрава выявілася ў яго працы ў Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва, якім ён кіраваў апошнія 40 гадоў. З-пад яго пяра або пры яго актыўным удзеле і падтрымцы выйшла цэлая бібліятэка навуковых і мастацкіх кніг, а рэдакцыйнай працай над часопісам «Запісы БІНіМу» ён амаль зь юнацкай працаздольнасьцю займаўся да апошніх месяцаў, ужо лежачы ў ложку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр Вітаўт Кіпель, патрыярх беларускай дыяспары, старшыня Беларускага Інстытуту Навукі й МастацтваМы былі знаёмыя больш за 30 гадоў — пачынаючы ад першага іх з жонкай Зорай вяртаньня ў родны Менск пасьля 47 гадоў разлучанасьці ў 1991 годзе. З таго часу мы бачыліся досыць часта ў Менску, Горадні, Вільні, Празе, а таксама ў яго гасьцінным доме ў Амэрыцы. Сустрэчы гэтыя заўсёды прыносілі радасьць кантакту з надзвычай пазытыўным чалавекам — ён проста заражаў сваёй энэргіяй, жыцьцярадаснасьцю, таварыскасьцю, надзвычайнай працавітасьцю, шчырай здольнасьцю зьдзіўляцца і захапляцца.
Такі незвычайна важны для Беларусі чалавек, Вітаўт абсалютную бальшыню свайго доўгага жыцьця пражыў за яе межамі. Ён правёў у Менску раньняе дзяцінства, у 1930-х прыяжджаў на летнія канікулы да дзеда, пражыў два гады ў часе нямецкай акупацыі, пасьля 1991 году часта бываў з кароткімі візытамі. У суме жыцьцё ў Беларусі не складзе і дзевяці гадоў. Аднак дзе б ён ні знаходзіўся, ён жыў у Беларусі, жыў Беларусьсю — кожную хвіліну свайго жыцьця. Ягоны ўнутраны прымач быў заўсёды настроены на беларускую хвалю, ён лавіў яе літаральна ўсюды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 90 гадоў Вітаўту Кіпелю: «Бязьмежныя веды і нястомная праца для Беларусі»Вітаўт нарадзіўся ў 1927 годзе ў сям’і Яўхіма Кіпеля і Марыі Зубкоўскай, маладых менскіх інтэлігентаў першага сьвядомага беларускага пакаленьня. Гэта быў час надзеі і энтузіязму, маладая Беларусь «штурмавала будучыні аванпосты», аднак ХХ стагодзьдзе ўжо рыхтавала Беларусі неміласэрны лёс. І Вітаўта Кіпеля гэты беларускі лёс правёў праз стагодзьдзе сваімі няпростымі дарогамі.
Зайздросная Вітаўтава памяць захавала падзеі і факты жыцьця ў найдрабнейшых дэталях. Дзесяць гадоў таму мы правялі два тыдні ў ягоным хатнім працоўным кабінэце за даўгімі размовамі, у якіх ён расказаў пра ўсё, што адбылося зь ім ад нараджэньня і да таго моманту. З больш чым сарака гадзінаў аўдыёзапісу ўзьнікла аўтабіяграфічная кніга «Жыць і дзеіць». У ёй — ХХ стагодзьдзе гісторыі Беларусі, адлюстраванае ў лёсе аднаго з найвыдатнейшых яе людзей: дзяцінства ў яшчэ «нацдэмаўскім» Менску, высылка ў Налінск, жыцьцё ў перадваенным Арле, вяртаньне ў апалены вайною Менск, эміграцыя ў Нямеччыну, эўрапейскае студэнцтва, новае жыцьцё ў Амэрыцы, вяртаньне ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вітаўт Кіпель успамінае пра савецкае дзяцінства, нямецкую акупацыю, эміграцыю, вяртаньне ў БеларусьУ Менску пачаўся жыцьцёвы шлях Вітаўта Кіпеля, але па менскіх вуліцах у думках хадзіў ён і апошнія тыдні свайго жыцьця, чытаючы кнігу Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». За тры тыдні да свайго сыходу Вітаўт патэлефанаваў, і мы паўгадзіны гаварылі пра кнігу, пра Горад, пра яго людзей, пра тое, што і як можна і трэба зрабіць, каб вярнуць страчаны дух Старога Менску. Вітаўт, як заўсёды, быў поўны захапленьня і энтузіязму, голас, эмоцыі, яснасьць думкі — усё як заўсёды, цяжка было паверыць, што ты гаворыш з чалавекам, у якога за плячамі доўгія 95 гадоў.
Я веру, што ў новай Беларусі адна зь менскіх вуліц — напрыклад, ціхі і ўтульны Горны завулак, дзе жыла сям’я Кіпеляў — будзе насіць імя Вітаўта Кіпеля.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.