Размаўляем зь перакладнікам як пра самую кнігу, так і пра сытуацыю беларускасьці ў родных мясьцінах пісьменьніка.
— Расшыфруйце абрэвіятуру B.N.V. як назву выдавецтва, пад шыльдай якога выйшла кніга Сакрата Яновіча «Stulecie oszołomów / Stahodździe durałobaŭ»…
— B.N.V. гэта скарачэньне назвы падпольнага Беларускага Незалежнага Выдавецтва, якое дзейнічала ў Польшчы ў гадах 1981–1989. Я аднавіў гэты знак, калі выявілася, што давядзецца выдаць кніжку ўласным коштам — фундацыя Villa Sokrates адмовілася публікаваць, чагосьці забаялася. Значыць, у рамках «разьвіцьця па сьпіралі» вяртаецца Польская народная рэспубліка, а зь ёю і B.N.V, але тэхнічна ўсё адбылося на найвышэйшым друкарскім узроўні і прасьцей: аднаго дня ў друкарню электроннай поштай быў высланы ПДФ, і праз тры дні цэлы тыраж (300 экз.) быў гатовы; тады і я ўпершыню зьявіўся ў друкарні! На вокладцы кніжкі імя аўтара па-польску, прозьвішча па-беларуску, на першай старонцы ўжо дакладней. Загаловак новы, бо зь першадруку я выкінуў усю непатрэбную не-літаратуру (ды толькі тую несумненна непатрэбную, зрэшты, згодна з вашай крытыкай у артыкуле «Сакрат Яновіч і загоны памяці»). Падобным чынам, як раней Сакрат падкараціў кніжку Аляксея Карпюка пра Вершалін, — гэта звычайная рэдактарская практыка.
— Чаму вы пішаце, што бацькаў раман вы пераклалі з «усходнебеластоцкай (сакольскай) мовы»? Па-мойму, арыгінал напісаны наагул стандартнай беларускай літаратурнай мовай, хоць і прыпраўленай добраю жменяю беластоцкіх (калі хочаце — сакольскіх) рэгіяналізмаў, лексычных і сынтаксычных. Я паказаў кнігу калегу зь Менску, і ён таксама сказаў, што гэта стандартная беларуская мова…
— У пачатку 1980-х гадоў польскі журналіст Марэк Карп пабываў на Сакольшчыне і, едучы аўтобусам, сказаў адной бабе-каталічцы: вельмі добра гаворыце па-беларуску! Яна зьбянтэжылася і пасьля гаварыла ўжо выключна па-польску. Значыць, калі хочам, каб простая/сакольская мова цалкам не загінула, не называйма тут яе беларускай. Трэба неяк іначай, каб католікам не было страшна, што яны гавораць хоць і «па-бела-», але ўсё ж па «-руску». Католіку гэта ж быццам грэх! На захад ад дзяржаўнае мяжы многія гавораць па-беларуску, але можна таксама сказаць іначай: на ўсход ад польскае мяжы ёсьць такая краіна, у якой людзі чамусьці гавораць папросту, па-сакольску. І гэта таксама ж праўда. Я Беларусі ня выратую, спрабую толькі такім чынам ратаваць культуру «сакольскую». У Беларусі сытуацыя католікаў іншая: па-польску яны наагул ня ўмеюць, па-расейску гаварыць ім гадка, застаецца толькі гаварыць па-беларуску, і гэтак жа — беларускай — мову сваю называць.
Тутэйшы, сакольскі католік устыдаецца адкрыта гаварыць па-свойму. І нібы ня мусіць, бо ён яшчэ і па-польску навучыўся ў школах. Я — гэтай «лацінкавай» кніжкай — тлумачу яму: гэта ж па-сакольску, па-нашаму; глядзі, гэта ж не якая чужая, толькі сардэчна нашая культура, анямеўшы тут, «прападая».
— І таму арыгінальны тэкст раману вы даяце лацінкай, з пазначанымі націскамі?
— Так, але так, як пісалі Каліноўскі, Марцінкевіч, бяз «чэскіх» знакаў, бо тыя тутэйшаму людзіну занадта дзіўныя. А націскі спатрэбяцца тым, хто прызабыў простую мову або толькі чуў яе ад бацькоў і хоча навучыцца. Гмінны асяродак культуры ў Сухаволі выдаў у 2012 годзе слоўнічак «простай мовы» «Гаворым папросту» (Walijewska I. (red.), «Słowniczek gwary Gminy Suchowola». Haworym pa prostu, Suchowola 2012. — РС).
Падобны слоўнічак, але напісаны буквамі і з загалоўкам «Гаворым па-беларуску» ня толькі немагчыма было б выдаць там: перш за ўсё быў бы ён катастрофаю для тамтэйшага кволага рэгіяналізму, бо быць «бела-», але ўсё ж «рускім» — мізэрны гонар.
— Кірыліца ўжо аджыла сваё сярод чытачоў у Польшчы?
— Католікі заўсёды гідзіліся «буквамі», але й праваслаўныя ўжо пачынаюць.
— Давайце прарэклямуем кнігу для патэнцыйных чытачоў. Хто яны, па-вашаму, — патэнцыйныя чытачы гэтай кнігі? І паспрабуйце сфармуляваць — калі хочаце, то і ў пунктах — чаму гэтую кнігу ім будзе цікава прачытаць?
— Перш за ўсё гэта цікавая Сакратава аповесьць. Пра ўсё, пра людзей і тое, што найважнейшае ў жыцьці, пра сьвет цэлы! Але й пра Сакольшчыну, пра царскія часы тут, пра міжваенную Польшчу, пра Польскую народную рэспубліку і сёньняшнюю глябалізацыю. А з камэнтароў — напісаных «з дапамогаю» сацыёляга Зыгмунта Баўмана — можна даведацца, чаму (амаль) няма двумоўных назваў мясцовасьцяў тут. Канкрэтна чаму — бо й прычыны канкрэтныя: менавіта дадатковыя (апроч 20% меншасьці ў гміне) варункі, запісаныя ў цяперашнім эндэцкім, «загараджальным» тут законе аб меншасьцях. У камэнтарах таксама пра тое, чаму няма незалежнай беларускай дзяржавы. Найкарацей кажучы, таму, што ў 1921 годзе Польшча на гэта не згадзілася, аддаючы саветам палавіну Беларусі. Значыць, як ні дзіўна, і тут прычыны вельмі канкрэтныя, тэхнічныя-палітычныя, ня толькі агульныя, такія, як недастатковая беларуская сьвядомасьць.
З камэнтароў даведваемся таксама, чаму бурмістру Міхалова мілыя эмігранты шматлікіх нацыянальнасьцяў, але чамусьці не мясцовыя беларусы, ня іхная назва мясцовасьці, не двумоўныя назвы. Свае тлумачэньні гэтага маем я і прафэсар Баўман: калі беларус там — усё яшчэ — моцны, усякія ўлады яго «сэк’юрытызуюць», бо ён нібыта дзяржаве… небясьпечны; прытым палітыкам патрэбны востры падзел на падпарадкаваных і тых, што пануюць. Таму камэнтары — амаль трэцяя частка кнігі, але гэта быццам бясплатны дадатак. Зрэшты, як і ўся кніга: бяры яе з інтэрнэту, хто хоча! Я ведаю, што «Białoruskie sprawy nie są dla mięczaków, ani dla tych, co żałowaliby na to własnych pieniędzy».
Некалі пракуратура заатакавала «Ніву». Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) Польшчы некалькі гадоў таму ўзяўся «вэрыфікаваць» наш сымбалічны капітал, аўтарытэты (Купалы, Коласа, Тарашкевіча, Яновіча, Царквы). Калі ІНП захацеў, каб беларускі ліцэй болей ня быў «імя Тарашкевіча», вы запрапанавалі паддацца: «супраць лому няма прыёму». Тады я зразумеў словы з кніжкі Зыгмунта Баўмана, паэта сацыялёгіі: Znużyli się bogowie [białoruskiej tożsamości]. Але нечакана імя Тарашкевіча засталося, а і школьнага будынку тамтэйшых абарыгенаў-«індзейцаў» ужо не адлучаюць ад электрычнасьці, значыць, таксама znużyły się orły [rozbiorowego traktatu ryskiego, likwidacji tożsamości białoruskiej]. Фармальна тыя аўтарытэты нам тут засталіся, але яны ўжо не такія, як раней бывалі: яны цяпер пастаўлены пад сумнеў. Адно чыпяць тут, з панскай ласкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакрат Яновіч як посткаляніяльны аўтарЗаканадаўца падбаў пра тое, каб двумоўных назваў мясцовасьцяў тут амаль не было, каб ня ставіць іх аўтаматычна на падставе перапісу ад 2002 году. Пастаноўлена на найвышэйшым, заканадаўчым узроўні: няхай задзейнічае тут вядомы беларускі страх перад палякамі, бо ў перапісе яшчэ «замала было» таго страху. Па-мойму, двумоўныя назвы павінны быць пачатковым элемэнтам палітыкі эманцыпацыі меншасьці, выклікаць гэтую эманцыпацыю, не наадварот. Такія назвы гэта нішто іншае, як «дыстрыбуцыя годнасьці, прэстыжу», але пакуль што няма згоды дзяржаўных уладаў на такую godność. (Сакрат піша пра горад як пра месца палітыкі падзелу грошай, але дзеляць таксама godność: kto tylko równy, a kto równiejszy).
Сядзім на гэтых руінах, што засталіся пасьля стогадовага гістарычнага польска-беларускага мардабою «Давіда з Галіятам», znużeni, і ня вельмі вядома, што рабіць. А чаму ня вельмі вядома? Добрым прыкладам тут пагост Самагруд: яшчэ ў «Народнай Польшчы» і яшчэ ў 2009 годзе можна было спрачацца зь дзяржаўнай адміністрацыяй наконт вяртаньня традыцыйнай назвы Samohrud, замест сёньняшняй Samogród. (Там жа ня горад, толькі груд — сухое месца, дый адна хата). Улада быццам кажа нам: «Zarządziliśmy, że nazwy dwujęzyczne dla 20-procentowej mniejszości mogą być ustanowione tylko po uchwale ponad 50-procentowej większości radnych gminy, nie na wniosek mniejszości radnych, i cóż jeszcze możemy zrobić? W demokracji wszak rządzi większość, czyli my, Polacy, z dodatkiem białoruskiego strachu».
На апошняй старонцы аповесьці чытаем: калісь была прынамсі надзея, цяпер яе няма. Чаму? Таму што мы ўжо прычакалі тае лепшае Польшчы, за якую змагаліся разам з Салідарнасьцю.
— Больш чым траціну аб’ёму кнігі займаюць вашы камэнтары, фармальна разьдзеленыя на дзьве групы: зноскі (нумараваныя арабскімі лічбамі) i камэнтары(нумараваныя рымскімі лічбамі). Калі ролю спасылак з арабскай нумарацыяй лёгка вызначыць — яны растлумачваюць значэньне некаторых рэгіянальных словаў або геаграфічна-гістарычныя рэаліі раману — то камэнтары становяць сабою, так сказаць, даволі неабавязковы масіў тэксту… Патлумачце, што ў ім можа знайсьці патэнцыйны чытач і чаму вы вырашылі гэтыя камэнтары напісаць.
— Камэнтары аказаліся неабходнымі таму, што ў гэтай кніжцы Сакрат быццам бы спасылаецца на ўсе свае ранейшыя кніжкі. Таму піша коратка: Сьцяпану не імпанавала польская імпэрыя. І ўсё! А чытач думае: пра якую ж польскую імпэрыю гэта? Я ж у школах ніколі пра ніякую польскую імпэрыю «ні слоўца не пачуў»! І тады патрэбны камэнтар, даволі доўгі, бо школьная адукацыя не рыхтуе чытача да гэткай тэматыкі.
У іншым месцы аўтар піша: Eŭrapejskaja ahresija na Rasieju niaźmienna łacina-rymskaj afarboŭki. Tamu ahresary, zamiést taho, kab malicca ŭ cerkwach, rujnawali ich. Hreckaja Wizantyja marnieła na praciahu niekalkich sot hadoŭ da tureckaj pieramohi; piersz abrabawali jajé łacińniki.
Чытач можа зьдзівіцца: што тут робіць Бізантыя побач з Расеяй? Немагчыма зразумець гэтыя тры сказы без камэнтароў. Белавескі зубр-помнік — чаму ён цяпер «спальскі»? Таму, што і бізантыйская Квадрыга цяпер «Сьвятога Марка», у Вэнэцыі, гісторыя ж любіць паўтарацца. Чаму замак у Мальбарку, хоць «чужы», бо нямецкі, аднаўлялі, калі ў той жа час ня больш «чужы» палац у Белавежы рвалі дынамітам. Як ня больш чужы? Больш, бо нямецкі замак у Мальбарку… свой, лацінскі, каталіцкі. Нават у эндэцкай «Народнай Польшчы» лініі падзелаў былі не нацыянальныя і не «клясавыя», яны нязьменна рэлігійныя.
— Помніце час, калі ваш бацька пісаў гэтую кнігу? Магчыма, ён тады, або і пазьней, дзяліўся з вамі нейкімі рэфлексіямі пра яе? Што казаў?
— Анэкдот пра тое, як Чабан схапіў ваўка, я ведаю ўжо зь дзяцінства, таксама вершык Франка Ліхарадкі. Але запытаў я пра таго школьнага стоража, і тады бацька сказаў, што сапраўды зь ім гаварыў калісьці. Значыць, у гэтай аповесьці мала фікцыі, яна пераважна «дакумэнтальная». Зрэшты, «калі штось у аповесьці магло здарыцца, значыць, недзе здарылася», бо ж сьвет вялікі.
Цяпер шкадую, што не папытаў дакладна і не адзначыў, старонка па старонцы, што фактычна было, а што не, або прынамсі ня ў Крынках. Кожны з нас мог гэта зрабіць і кожны меў тады «важнейшыя справы». Хоць і пазваніць не было проста — пазьней Сакрат, падцкаваны, пабойваўся падымаць тэлефонную трубку. Цыкуту яму, праўда, не падсунулі…
— Ці застаўся хто-небудзь у Крынках, роднай мясьціне Сакрата Яновіча, хто яшчэ можа гаварыць па-беларуску? Прыгадваецца, мы з калегам зь Беларусі ў 2018 годзе валэндаліся два дні па Крынках і надстаўлялі вушы, ці не пачуем дзе беларускую гаворку ад мясцовых… І нідзе не пачулі…
— Я ўжо пра гэта тут казаў (пра беларускі страх): трэ было вам залезьці ў кусты, схавацца і чакаць цярпліва, аж якія старэйшыя мясцовыя праходзіцьмуць побач. І яшчэ каб перад імі й за імі ніхто ня йшоў. Але кусты растуць у канцы вуліцы, за апошнімі хатамі, далёка іх шукаць.
У рэпартажы для «Нівы» добра хтосьці сказаў: па-беларуску калі й гавораць, дык ціха — каб хто не пачуў. Я калісь, пад Крынкамі, рабіў іначай: сам загаворваў да незнаёмых па-беларуску і яны так і адказвалі мне. Думаў тады: будзе што будзе, не заб’юць мяне за гэта. У Азерскіх, у Рахавіку, у Белым Лузе, у Востраве і ў Крынках. Толькі раз, у Галым Лузе, адзін чалавек зьдзівіўся, што я да яго «po rusku». Пэўна, з рэпатрыянтаў, бо тутэйшы не сказаў бы «po rusku», толькі «po prostu». У Крынках (у інтэрнэтнай, але і традыцыйнай кнігарні Nova Sarmatia) на працягу першых двух тыдняў закупілі 7 экзэмпляраў гэтай новай Сакратавай кніжкі (па 50 зл. — ня жарты!), значыць, якіясьці «ціхія, нясьмелыя» (але нябедныя!) беларусы там яшчэ ёсьць (бо турысты? — хіба не ў лістападзе). Можна яе таксама купіць, пішучы на адрас: janowicz@poczta.onet.pl
* * * * *
Урывак раману «Stahodździe durałobaŭ" Сакрата Яновіча ў артаграфіі выданьня 2022 году:
… Chłopiec ros, choć kacílisia pa ziamlí ármiji. Rasiéjskaja, hiermánskaja. Ureszcie polskaja, tréciaja; pabywała jaszczé j czyrwona-balszawíckaja. Palaki nadyjszlí ad Biełastoku. Spaczatku kawaléryja z francúskimi száblami, jak kazali staryja, szto ználisia na zbroi. Usiákaje wajactwa rabawała; polskaje ŭdadatak źbiła da paŭśmierci swajaczku Kiszkiélánku za biełarúskuju szkołu. Usia czornaja byłá ad bizunoŭ, ledź adhájkali jajé ziołkami. Kazáŭ u sakrecie storaż szkoły:
— Zaholwali na padłozie bolszych wuczaníc, raskiréczwali jak chacieli… Potym janý chutka wychodzili zamuż za abý-kaho.
Balszawikié źjawílisia ad Waŭkawyska. U miasteczku sahnali mitýnh z czyrwonym ściaham i nieszta pa-rusku wykrýkwali da narodu. Żydý harłali «urrra!», naczaplaŭszy na hrudzi czyrwaniutkich báńcikaŭ, a haspadarý maŭczali. Szto naadbywájecca, dúmali, kalí pryjdzie siudý piátaja jakaja ármija? Pahaworwali pra Litwú ad Koŭni… Starszyná Klimowicz wazíŭ byŭ pry niemcach u Wilniu «liteŭskaha» pradstaŭniká Taryby. Niechta czuŭ pra ŭkraincaŭ — niby dachodzili ŭżo da Bielska j Zabłúdawa. Pryjażdżáŭ kapitan Horasz zapiswać u biełarúskaje wojska, alé dzie hétamu biełarúskamu moża być miesca ŭ takí tłum?! …