Аб пратэстах паведамляюць CNN і BBC. Пачынаючы з 26 лістапада акцыі пратэсту праходзяць у тым ліку ў сталіцы краіны Пэкіне і найбуйнейшых гарадах, такіх як Шанхай і Гуаньчжоў. Незадаволенасьць узрасла пасьля таго, як у горадзе Урумчы ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне на паўночным захадзе Кітая пры пажары загінулі 10 чалавек.
Урумчы знаходзіцца ў локдаўне ўжо больш за тры месяцы. У ім жыве каля 4 мільёнаў чалавек. Праз абмежаваньні многія зь іх ужо каля 100 дзён ня могуць выходзіць з дому. 24 лістапада ў адным са шматпавярховых дамоў успыхнуў пажар і, як мяркуецца, з-за зачыненых на лакдаўн дзьвярэй многія жыхары не змаглі выбрацца з будынка і выратавацца. Улады Кітая адмаўляюць абвінавачаньні і заяўляюць, што людзі няправільна зразумелі правілы тэхнікі бясьпекі.
Увечары ў суботу сотні жыхароў Шанхая сабраліся на пікет са сьвечкамі, каб ушанаваць памяць ахвяр пажару ў Сіньцзяне.
Яны стварылі імправізаваны мэмарыял са сьвечак, кветак і плякатаў. Як паведамляе CNN, людзі трымалі чыстыя аркушы белай паперы, што сымбалічна азначае выступ супраць цэнзуры, і скандавалі: «Патрэбны правы чалавека, патрэбна свабода».
У выніку ў Шанхаі паліцыя затрымала некалькіх удзельнікаў акцыі пратэсту, пры гэтым дзейнічаючы жорстка, адціскаючы і штурхаючы мітынгоўцаў. Журналісты адзначаюць, што на некаторых відэа паказаныя хаатычныя сцэны, калі паліцыя штурхае, цягне і б'е пратэстоўцаў. CNN паведамляе, што некаторыя мітынгоўцы выкрыквалі патрабаваньні лідэру Кітая і Камуністычнай партыі «пайсьці ў адстаўку», а таксама сьпявалі нацыянальны гімн Кітая і «Інтэрнацыянал».
Да вечара нядзелі масавыя акцыі пратэсту распаўсюдзіліся на Пэкін, Чэнду, Гуанчжоў і Ўхань — горад, дзе ўпершыню была зафіксаваная ўспышка каранавіруснай інфэкцыі. Тысячы жыхароў заклікалі ня толькі да зьняцьця антыковідных абмежаваньняў, але і да палітычных свабод, а таксама выказалі падтрымку затрыманым пратэстоўцаў у Шанхаі.
Пратэсты прайшлі і ў кампусах кітайскіх унівэрсытэтаў.
Ва ўнівэрсытэце Цінхуа, элітным унівэрсытэце ў Пэкіне, сотні студэнтаў сабраліся на плошчы зь белымі аркушамі паперы і крычалі: «Дэмакратыя і вяршэнства закону! Свабода выказваньня!».
Заходнія СМІ адзначаюць, што ў Кітаі падобныя агульнанацыянальныя пратэсты — надзвычай рэдкая зьява.
Улады пакуль афіцыйна не камэнтавалі акцыі пратэсту.
З пачатку пандэміі каранавіруск Кітай прытрымліваецца максымальна жорсткіх мер, каб стрымліваць распаўсюджваньне інфэкцыі. Кітайскія ўлады па-ранейшаму аб’яўляюць строгія локдаўны, як толькі выяўляюць новыя выпадкі заражэньня; закрываюць цэлыя раёны, забараняючы іх жыхарам тыднямі і месяцамі выходзіць на вуліцу.
Нягледзячы на строгія меры, колькасьць выпадкаў захворваньня ў Кітаі на мінулым тыдні дасягнула рэкордаў з пачатку пандэміі — 23 лістапада было зарэгістравана 31527 выпадкаў захворваньня ў параўнаньні з красавіцкім пікам у 28 тысяч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн абняў Сі Цзіньпіна перад пачаткам першай асабістай сустрэчы двух лідэраў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З Кітаем Эўропа паўтарае памылку, якую зрабіла з Расеяй». Што кажуць амэрыканскія і эўрапейскія экспэрты пра кітайска-расейскі хаўрус