Мясцовая ўлада просіць не сьпяшацца туды вяртацца. Каб праверыць усё, патрэбныя месяцы. Нягледзячы на гэта, людзі ўсё роўна едуць дадому. Рэпартаж «Настоящего времени».
Свае зьніклыя дыван і пасьцельную бялізну Яўгенія знайшла ў падвале, дзе жылі падчас акупацыі расейскія вайскоўцы. Адкуль прынесьлі ложак і хто яе гаспадар, мясцовым яшчэ трэба будзе высьветліць. У родны двор Яўгенія прыехала ўпершыню за паўгода. Увесь гэты час Сьнегіроўка была пад акупацыяй.
З дому прапала бытавая тэхніка: «Кацёл, бойлера ў ванным пакоі няма, тэлевізараў няма. Пазабіралі відэльцы, лыжкі. Пуста было ўсё». Спальню, мяркуючы па колькасьці знойдзеных валасоў, акупанты выкарыстоўвалі як цырульню. Яўгенія кажа, што была вымушаная паехаць з дому, калі яе раён стаў перадавой пазыцыяй расейскага войска.
Усё лета і восень Сьнегіроўка фігуравала ў вайсковых зводках. Украінскія вайскоўцы ня раз казалі, што менавіта ў гэтым мястэчку супернік сабраў велізарныя сілы. Мясцовыя расказваюць: акупацыйная ўлада не тэрарызавала вяскоўцаў. Нават адзін час спрабавала наладзіць зь імі кантакт: «Першыя, якія зайшлі, былі ляяльнымі. Яны сябе культурна паводзілі. Нават віталіся. А потым, калі пачалася ратацыя, пайшоў зброд. Самы сапраўдны зброд. Яны хадзілі па хатах, забіралі машыны. У мястэчку спрабавалі ўвесьці рубель. Ня вельмі пасьпяхова. Заходзілі з аўтаматам і прыстрашвалі».
Яшчэ расейскія вайскоўцы рыхтаваліся да зімоўкі. Аб гэтым усім казалі. Але не атрымалася. «Калі пачалі страляць, яны пачалі бегаць, як пацукі. Выяжджае адзін „КамАЗ“, другі „КамАЗ“, і яны па пэрымэтры ў гэты „КамАЗ“ заскокваюць. Яны зрабілі дымавую заслону. Мы адзін аднаго ня бачылі. Бачым: ідуць вайскоўцы. Я вам не перадам! Зайшлі нашы хлопцы. Апранутыя, чыстыя, у берцах. А яны хадзілі ў віетнамках і ў галёшах. Другое войска сьвету!» — расказваюць мясцовыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі расейцы ўбачылі мой бел-чырвона-белы сьцяг, то моцна раззлаваліся». Беларус расказвае, як партызаніў пад акупацыяй у ХерсонеСьнегіроўка была адным з ключавых населеных пунктаў для вызваленьня Херсона. Яна ашаламляльна адрозьніваецца ад тых населеных пунктаў, якія знаходзіліся па другі бок перадавой. Напрыклад, ад Першамайскага. Яго расейская артылерыя проста зраўнавала зь зямлёй. А Сьнегіроўка, за выключэньнем некалькіх раёнаў, выглядае дастаткова цэлым мястэчкам.
Мясцовыя цяпер успамінаюць: украінскае войска біла даволі дакладна. Таму, напрыклад, для аднаўленьня электрычнасьці не патрэбны месяцы. У горадзе працуюць крамы, камунальныя службы. Але мясцовая ўлада просіць не сьпяшацца вяртацца ў свае дамы тым, хто выехаў. У сапэраў яшчэ занадта шмат працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 15 тысяч чалавек зьніклі бязь вестак падчас расейскага нападу на Ўкраіну